«З 21.00 пятніцы арганізаванае ўзмацненьне дзяжурных зьменаў і рэзэрвовых груп службы бясьпекі мэтрапалітэну, патруляваньне і агляд электрацягнікоў. Увесь дзяжурны пэрсанал накіраваны на выяўленьне безгаспадарчых прадметаў і падазроных асобаў», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы сталічнага мэтрапалітэну.
Раней МУС Беларусі паведаміла пра дадатковыя меры па гарантаваньні грамадзкай бясьпекі ў сувязі з тэрактам, найперш на аб'ектах транспарту і ў месцах масавага збору людзей, а таксама ў прымежных раёнах. Беларускіх сілавікоў дадаткова ўзброілі аўтаматычнай зброяй, таксама павялічылі колькасьць міліцэйскіх нарадаў і ўзмацнілі іх байцамі АМАП.
Дзяжурны РАУС Касьцюковіцкага раёну, які мяжуе з Бранскай вобласьцю Расеі, сказаў журналістам «Люстэрка», што хвалявацца ня варта і што ўсё пад кантролем: «на мяжы ўжо ўсё перакрыта».
Таксама ў Беларусі ў сувязі з тэрактам у Расеі пачалі адмяняць масавыя мерапрыемствы. На гэты момант вядома аб пераносах у Менску, Лідзе і Гомлі.
У Менску «ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Падмаскоўі» адмянілі канцэрт «Беларусь — мая песьня», які павінен быў прайсьці 23 сакавіка, паведаміла Міністэрства культуры Беларусі.
Адыграць юбілейны канцэрт плянавала і катэдра вакальнага і харавога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта культуры і мастацтваў у Белдзяржфілармоніі. Ён таксама не адбудзецца.
У Лідзе перанесьлі Адкрыты рэгіянальны фэстываль-конкурс вакальна-эстраднай творчасьці «Зорны дождж — 2024», піша БелТА. Дату і час яго правядзеньня паведамяць дадаткова.
«Усе культурна-масавыя мерапрыемствы (спэктаклі, канцэрты, дыскатэкі і г.д.) 23 і 24 сакавіка ў горадзе Гомлі адмененыя», — напісаў у сваім Telegram-канале мэр Гомля Ўладзімер Прывалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэракт у Падмаскоўі: 115 загінулых, сярод параненых — беларус, Пуціну даклалі пра затрыманьне 11 падазраваныхУвечары 22 сакавіка некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі страляніну з аўтаматаў у канцэртнай залі, дзе мусіў адбыцца канцэрт расейскага рок-гурту «Пікнік». Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Пазьней над глядацкай заляй «Крокуса» рухнуў дах, ратавальнікі разьбіраюць завалы. Да раніцы з «Крокуса» эвакуявалі ўсіх пацярпелых.
Паводле апошніх зьвестак, колькасьць загінулых у выніку тэракту вырасла да 115 чалавек, паведаміў СК Расеі.
Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з 146 пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей. Тэлеграм-канал «112», які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, сьцьвярджае, што колькасьць пацярпелых у выніку страляніны вырасла да 183 чалавек.
Адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане пасьля нападу, паведаміў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітрый Крутой. Сваякі пасьля нападу шукаюць яшчэ аднаго беларуса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля нападу ў Падмаскоўі грамадзянін Беларусі — у вельмі цяжкім стане, сваякі шукаюць яшчэ аднаго беларуса, — амбасадар КрутыСьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкулу аб тэракце.
23 сакавіка ў Расеі затрымалі 11 падазраваных у сувязі з нападам на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, сярод іх — чацьвёра непасрэдных удзельнікаў тэракту, даклаў Пуціну дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуціну даклалі пра затрыманьне 11 падазраваных у сувязі з нападам у Падмаскоўі, колькасьць загінулых вырасла да 115