Пра абедзьве гэтыя падзеі ў інтэрвію Свабодзе расказвае дырэктарка офісу Крысьціна Шыянок.
«У Чэхіі наш офіс зарэгістраваны як інстытут. Гэта кампрамісная форма, якая надае нам суб’ектнасьць, дае магчымасьць працаваць над канкрэтнымі праектамі ў межах трэцяга сэктару. Бо Чэхія славіцца сваім трэцім сэктарам, які засяроджвае сваю пільную ўвагу на праблематыцы правоў чалавека ў Беларусі. І мы цяпер зможам выступаць як партнэр для вядомых чэскіх арганізацый, у чымсьці дапамагаць ім зь іх праектамі і ініцыятывамі», — кажа Шыянок.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Офіс дае парады беларусам, якія сутыкнуліся зь юрыдычнымі складанасьцямі пасьля выезду зь Беларусі. Раней аказвалася дапамога пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі.
Адзін з праектаў тычыўся рэабілітацыі палітзьняволеных студэнтаў, якія адседзелі ў Беларусі вялікія турэмныя тэрміны. Ён уключаў у сябе і сумесную рэабілітацыю з блізкімі, якія доўгі час ня бачылі сваіх сямейнікаў. Яшчэ адзін праект, які быў рэалізаваны ў мінулым годзе, — гэта летнік для дзяцей палітзьняволеных. Сёлета будзе яго працяг, гэтым разам у Славаччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івонка Сурвіла — беларусам да 25 Сакавіка: «Трэба забыцца ўсё, што дзеліць, і аднавіць салідарнасьць»