Пасьля вяртаньня з фронту яго памілаваў Уладзімір Пуцін.
У Кургане затрымалі колішняга вагнэраўца Андрэя Фралова паводле падазрэньня ў згвалтаваньні дзевяцігадовай дзяўчынкі, вучаніцы другой клясы.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода са спасылкай на выданьне ASTRA, Андрэй Фралоў быў неаднаразова асуджаны за гвалтаваньні, забойствы, згоны аўтамабіляў, абразу паліцыянтаў і кіраваньне машыны ў стане алькагольнага ап’яненьня.
У лістападзе 2022 году, адбываючы пакараньне, падпісаў кантракт з расейскай прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр» і накіраваўся на вайну ва Ўкраіну. Праз паўгода, у траўні 2023 году, ён вярнуўся, атрымаў памілаваньне паводле ўказу Ўладзіміра Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі затрымалі былога «вагнэраўца» з падазрэньнем у масавым забойстве- Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, у Расеі пачалі масава вэрбаваць зьняволеных у калёніях і адпраўляць іх на вайну. Да вясны 2023 году іх наймалі ў ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Пасьля яны сталі заключаць кантракты з падразьдзелам «Шторм Z», які падпарадкоўваецца Мінабароны.
- З 2022 году найміты ПВК «Вагнэр» атрымлівалі памілаваньне і выходзілі на волю ў абмен на паўгода ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Указы аб памілаваньні падпісваў Уладзімір Пуцін. У студзені расейская служба BBC паведаміла, што расейскія зьняволеныя, якія зьехалі ваяваць супраць Украіны, замест памілаваньня цяпер атрымліваюць умоўнае вызваленьне, а служыць паводле кантракту ім трэба да канца вайны.
- Былыя зьняволеныя пасьля вяртаньня з фронту часта ўчыняюць новыя злачынствы. На гэты момант вядома ўжо пра некалькі дзясяткаў выпадкаў, калі памілаваныя зноў учынілі злачынствы, у тым ліку забойствы і згвалтаваньні.
- У Новасібірску забойца і пэдафіл Мікіта Сям’янаў, якога памілавалі за ўдзел у вайне, ходзіць па школах і расказвае дзецям пра патрыятызм. Акрамя таго, былых зьняволеных, якія прайшлі праз вайну ва Ўкраіне, пачалі прымаць на службу ў Расгвардыю.