«Ніякага прапагандысцкага эфэкту ад удзелу ў Алімпіядзе рэжым не атрымае», — Апейкін

На акцыі з патрабаваньнем не дапусьціць спартсмэнаў з Расеі і Беларусі на Алімпіяду-2024 у Парыжы з-за вайны супраць Украіны. Лазана, Швайцарыя, 25 сакавіка 2023

Аляксандар Апейкін, кіраўнік Беларускага Фонду спартовай салідарнасьці, камэнтуе фармат удзелу спартоўцаў зь Беларусі ў Алімпіядзе ў Парыжы, ацэньвае пазыцыю афіцыйнага Менску адносна рашэньня МАК і тлумачыць, чым небясьпечная для алімпійскага руху расейская ідэя «Гульняў дружбы».

Сьцісла:

  • Рашэньне МАК наконт фармату ўдзелу ў Алімпіядзе ўзважанае і кампраміснае.
  • Станоўчы момант у тым, што НАК Беларусі гатовы падпарадкоўвацца рашэньню МАК.
  • Беларусы могуць не атрымаць ніводнага залатога мэдаля на парыскай Алімпіядзе.
  • «Гульні дружбы» — своеасаблівая форма легітымізацыі расейскага палітычнага рэжыму.

— Як можна ацаніць тое канчатковае рашэньне, якое прыняў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) наконт фармату ўдзелу беларускіх (і расейскіх) спартоўцаў у Алімпіядзе ў Парыжы, якая пройдзе ў жніўні-верасьні? (Падрабязьней пра допуск беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду ў нэўтральным статусе можна пабачыць тут. Ці стала гэта рашэньне пэўным кампрамісам паміж некалькімі падыходамі?

— Гэтае рашэньне МАК даволі ўзважанае і кампраміснае. Трэба разумець, што міжнародны алімпійскі рух уключае больш як 200 краінаў, сярод якіх ня толькі дэмакратычныя. Натуральна, што ва ўсіх вельмі розныя погляды і праблемы, таму радыкальнае рашэньне было немагчымае.

Аляксандар Апейкін

Мы ў Фондзе спартовай салідарнасьці ўвесь час трымалі кантакт з МАК і збольшага зь іхнімі рашэньнямі згодныя. Адзінае, мы настойвалі на падпісаньні спартоўцамі Беларусі і Расеі антываеннай дэклярацыі. Але МАК гэтага не прыняў, а прыняў «крытэр нэўтральнасьці». Гэта, па сутнасьці, пазбаўленьне атлетаў зь Беларусі і Расеі нейкай прывязкі да сваёй дзяржавы, яны ня носяць ніякай сымболікі, не гучыць ніякіх гімнаў — яны прадстаўляюць на Алімпіядзе толькі індывідуальна саміх сабе.

Натуральна, што адным з крытэраў была адмова ад удзелу зборных Беларусі і Расеі ў камандных відах спорту. Адсюль вынікае такая невялікая лічба атлетаў з гэтых краінаў, якія могуць удзельнічаць у Алімпіядзе. Грамадзяне Беларусі пакуль атрымалі 7 алімпійскіх ліцэнзіяў, а максымум, які можа быць — гэта 28 чалавек. Звычайна на ранейшых летніх Алімпіядах беларуская дэлегацыя складала 70-100 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім спартоўцам забаранілі ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Парыжы

— Цікава, што ў Расеі розныя палітыкі выказваюць такія думкі, што, маўляў, на такіх умовах — бязь сьцяга, бяз гімну — мы не павінны ўдзельнічаць, гэта сорам для расейскага спорту. Аднак з афіцыйнага Менску нічога такога не гучыць. Выглядае, што ўлады Беларусі задаволеныя хаця б такой формай удзелу?

— У прынцыпе, так. Ніякіх радыкальных заклікаў зь Менску не гучыць. Гэта такая асьцярожная пазыцыя афіцыйнай Беларусі да МАК, бо яны разумеюць, што можна «дагуляцца». Таму выбіраецца даволі стрыманая рыторыка, якая сьведчыць, што Беларусь пагаджаецца на гэтых умовах накіраваць на Алімпіяду сваіх спартоўцаў. Я б сказаў, гэта станоўчы момант, што Беларускі Алімпійскі камітэт гатовы падпарадкоўвацца рашэньню МАК.

— Але тое, што расейскія і беларускія спартоўцы ня будуць падпісваць ніякіх антываенных дэкларацыяў — гэта толькі для Алімпіяды ці гэта становіцца ўжо нейкім агульным правілам?

— Год таму МАК у сваіх рэкамэндацыях пакінуў магчымасьць прыняцьця гэтага рашэньня канкрэтным фэдэрацыям. То бок у кожным відзе спорту фэдэрацыя магла самастойна прымаць рашэньне. І некаторыя ўводзілі такі пункт, у прыватнасьці фэдэрацыя цяжкай атлетыкі. Але, будзем казаць шчыра, большасьць фэдэрацыяў ад гэтага адыходзяць, — вастрыня тэмы вайны адчуваецца ўжо ня так востра.

— Беларускі рэжым заўсёды імкнуўся выкарыстоўваць спорт у сваіх прапагандысцкіх мэтах. Ці ўдасца гэтым разам уладам выкарыстаць удзел беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе ў якасьці вітрыны, дэманстрацыі посьпехаў беларускай палітычнай сыстэмы?

— Я думаю, ужо не. На гэтай Алімпіядзе не атрымаецца. Па-першае, колькасьць спартоўцаў зь Беларусі будзе мінімальнай. Па-другое, самі атлеты будуць баяцца хоць у нечым парушыць правілы і крытэрыі, каб выступаць далей у міжнародных спаборніцтвах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім тэнісісткам Сабаленцы і Азаранцы дазволілі гуляць на Алімпіядзе ў Парыжы і ў парным разрадзе

— Калі ж казаць пра чыста спартовы аспэкт, то з кожнай новай Алімпіядай Беларусь атрымлівала ўсё менш мэдалёў (з адным выключэньнем). Фактычна можна канстатаваць паступовую дэградацыю беларускага спорту падчас кіраваньня Лукашэнкі. На гэтай Алімпіядзе спартоўцы з Беларусі могуць увогуле не атрымаць ніводнага «золата»?

— Так. Я мяркую, што ўсяго будзе атрымана каля 15 ліцэнзіяў на ўдзел у Алімпіядзе, і з гэтых 15 максымум можа быць некалькі мэдалёў. Таму я і кажу, што ніякага прапагандысцкага эфэкту ад удзелу ў парыскай Алімпіядзе рэжым не атрымае. Наўрад ці магчыма будзе прадставіць любы вынік як нейкае «дасягненьне». Тое самае і з Расеяй.

— Расея, відавочна, у якасьці спробы стварыць «альтэрнатыву» парыскай Алімпіядзе арганізоўвае «Гульні дружбы». МАК ужо заклікаў спартоўцаў «не легітымізаваць гэтую падзею» і ня ўдзельнічаць у ёй.

— Я лічу, што ня варта з гэтай ідэі кпіць і іранізаваць, называючы яе пародыяй. На жаль, гэта можа быць даволі сур’ёзнае мерапрыемства, бо Расея мае і адмыслоўцаў, і грошы, каб гэта зрабіць на высокім узроўні. Уявіце, калі на гэтых гульнях будуць уведзеныя прызавыя на ўзроўні алімпійскіх, то многія спартоўцы з Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі пажадаюць удзельнічаць у такіх гульнях. І калі туды паедуць прадстаўнікі 50, напрыклад, краінаў, то як МАК можа ўвесьці санкцыі супраць усіх іх?

Таму гэта даволі небясьпечная сытуацыя для алімпійскага руху, ня варта грэбаваць такой пагрозай. Трэба разумець, дзеля чаго гэта робіцца — гэта такая своеасаблівая форма легітымізацыі расейскага палітычнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК заклікаў спартоўцаў і ўрады краін адмовіцца ад удзелу ў «палітызаваных» Гульнях дружбы ў Расеі