Стала вядома, якія льготы Лукашэнка паабяцаў беларускім касманаўтам

Касьмічны карабель «Саюз МС-25» падымаюць на стартавую пляцоўку перад будучым запускам з наступным экіпажам Міжнароднай касьмічнай станцыі (МКС) на касмадроме Байканур, Казахстан, 18 сакавіка 2024

Беларускі касманаўт абавязкова мусіць ведаць асновы дзяржаўнай ідэалёгіі, а ў выпадку ўчыненьня злачынства «экстрэмісцкага характару» будзе пазбаўлены ўсіх ільготаў.

Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў статус беларускага касманаўта, які прадугледжвае вялікую колькасьць льгот і абставіны, пры якіх яны будуць скасаваныя.

Як адзначаецца ў тэксьце ўказу, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, беларускі касманаўт абавязкова мусіць ведаць асновы дзяржаўнай ідэалёгіі, а ў выпадку ўчыненьня злачынства «экстрэмісцкага характару» будзе пазбаўлены ўсіх ільготаў.

У прыватнасьці, касманаўт будзе мець права на працу, раўназначную перад звальненьнем для палёту ў космас, на ўдзел у якасьці ганаровага госьця ў мерапрыемствах з нагоды дзяржаўных сьвятаў і грамадзка-палітычных падзеяў, на мэдычнае абслугоўваньне ў клінічным мэдцэнтры Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, на пэнсійнае забесьпячэньне за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь і на дзяржаўную дапамогу пры будаўніцтве або набыцьці жытла.

Пры гэтым абавязкамі касманаўта вызначаныя веданьне асноў ідэалёгіі беларускай дзяржавы, удзел у грамадзкім жыцьці краіны ўнутры Беларусі і за яе межамі, удзел у прапагандзе дасягненьняў Беларусі ў галіне касманаўтыкі і здаровага ладу жыцьця і не дапускаць дзеяньняў у дыскрэдытацыі статусу касманаўта.

Асобна адзначаецца, што касманаўт будзе пазбаўлены ўсіх сацыяльных гарантыяў у выпадку ўчыненьня экстрэмісцкага злачынства або іншага цяжкага ці асабліва цяжкага, або адміністрацыйнага правапарушэньня, зьвязанага з парушэньнем парадку правядзеньня масавых акцый або з распаўсюдам і прапагандай нацысцкай сымболікі і экстрэмісцкай прадукцыі.

Статус касманаўта будзе пацьвярджаць адпаведнае пасьведчаньне зь дзяржаўным гербам, узор якога Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў сваім указам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і касьмічная дзяржава. Чым скончыцца чарговы палітычны праект беларускіх уладаў

Цяпер у Казахстане знаходзіцца беларуская касманаўтка Марына Васілеўская, якая мусіла ляцець у экспэдыцыю на пілятаваным караблі «Саюз МС-25». 21 сакавіка запуск вымушана адклалі на 24 гадзіны, бо на стартавай пляцоўцы касмадрому Байканур (Казахстан) адбылася аўтаматычная адмена пуску.

Пазьней паведамілі, што дату старту карабля прызначылі на 23 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запуск ракеты «Саюз МС-25» зь беларускай на борце адклалі. ФОТА