Сустрэчы 22 сакавіка ня будзе, бо частка літоўскай супольнасьці занепакоеная тым, што ў Вільню прыяжджае «ідэоляг літвінізму», як яго назваў літоўскі блогер Жыльвінас Сьвітоюс. Ён зрабіў допіс у фэйсбуку, які атрымаў шмат увагі, пад ім ёсьць камэнтары з пагрозамі.
«Мы ня можам ні гарантаваць бясьпеку Арлова, ні нашу», — заявіў Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэчу зь пісьменьнікам Арловым у Вільні, якую скасавалі праз пагрозы, вырашылі правесьці ў іншым месцыТаксама арганізатары падкрэсьлілі, што беларусам відавочна, што Арлоў не зьяўляецца чалавекам, які нясе нейкую пагрозу сувэрэнітэту Літвы. На іх думку, беларуская супольнасьць у Літве павінна актыўна вырашаць канфлікт.
Першапачаткова імпрэзу плянавалі правесьці 22 сакавіка ў Музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні а 18.30, аднак у выніку яе вырашылі перанесьці ў іншае месца зь меркаваньняў бясьпекі. Сустрэча адбудзецца а 19-ай у віленскім Замку (па адрасе Naujoji Riovoniu 10), дата не зьмянілася — 22 сакавіка.
Сустрэчу зь пісьменьнікам у Коўне ў Цэнтры культуры розных народаў таксама сарвалі. Аднак яе ўдалося зладзіць у Інстытуце ВКЛ пры мясцовым унівэрсытэце.
Уладзімер Арлоў — вядомы беларускі пісьменьнік, папулярызатар айчыннай гісторыі. За апошнія два гады фонд Kamunikat.org выдаў у Беластоку больш як 10 кніг Уладзімера Арлова. З прэзэнтацыяй гэтых кніг аўтар наведаў амаль 20 гарадоў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве.
Апошнім часам асобныя літоўскія блогеры і палітыкі разьдзьмуваюць скандалы, заяўляючы пра нейкія групкі беларусаў, якія намагаюцца сьцьвярджаць, што Вільня беларуская, і абвінавачваюць іх у прэтэнзіях на гісторыю Літвы. Аднак напярэдадні спэцслужбы самой Літвы заявілі, што не знайшлі ніякіх арганізаваных групаў «літвіністаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ягоных творах ёсьць тое, што робіць сухую гісторыю жывой, захапляльнай і запамінальнай». Уладзімеру Арлову — 70 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу зрабіць Пазьняка пэрсонай нон-грата», — літоўскі актывіст