Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фатаздымак апячатаных дзьвярэй кватэры аднаго з актывістаў «народнай амбасады» і «Беларусаў замежжа», на прадстаўнікоў якіх Сьледчы камітэт Беларусі 20 сакавіка завёў крымінальную справу.
«Як вы можаце бачыць, апячатана, арыштавана, прыварана. Будзе канфіскавана», — гаворыцца ў паведамленьні пад фота.
Як паведамляе «Наша ніва», на фота — апячатаныя дзьверы ў кватэру актывіста дыяспары Аляксея Ерахаўца. Ён у траўні 2020 году прыйшоў у штаб Віктара Бабарыкі, пазьней браў актыўны ўдзел у арганізацыі імпрэзаў аб’яднанага штабу, быў адным з ініцыятараў стварэньня незалежнага саюзу беларускіх дыяспар «Беларусы замежжа». З кастрычніка 2020 году ўдзельнічаў у арганізацыі фонду «Краіна для жыцьця». Цяпер жыве ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК завёў справу на прадстаўнікоў «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа», пачаліся ператрусы- 20 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа» па арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
- У СК заявілі, што маюць інфармацыю больш як пра 100 прадстаўнікоў «радыкальных дыяспараў», а таксама нібыта ўстанавілі «больш за 30 абʼектаў нерухомасьці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны». Ведамства прыгразіла ўжыць усе магчымыя меры для прыцягненьня фігурантаў справы да адказнасьці і кампэнсацыі імі шкоды, «у тым ліку ў рамках працэдуры спэцыяльнага вядзеньня».
- Заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак 20 сакавіка паведаміў Свабодзе, што ў Беларусі праходзяць ператрусы ў справе супраць актывістаў дыяспары. Пакуль фонду вядомыя «„да дзесяці выпадкаў“ ператрусаў», а таксама тое, што справа супраць актывістаў дыяспары «перакрыжоўваецца па пэрсаналіях і з чальцамі Каардынацыйнай рады і з Офісам Ціханоўскай», таму «да часткі людзей маглі прыйсьці ўжо некалькі разоў за апошні час».