Памёр беларускі гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка, які напісаў падпольны «Ліст да расейскага сябра»

Аляксей Каўка, 2012

Апошнім часам Аляксей Каўка жыў у Маскве, яму ішоў 87-ы год.

Пра сьмерць гісторыка і літаратуразнаўца Аляксея Каўкі паведаміў беларускі літаратуразнаўца Міхась Скобла.

Аляксей Каўка — беларускі гісторык і літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч. Доктар філялягічных навук (1991), кандыдат гістарычных навук (1971).

Аляксей Каўка нарадзіўся 20 верасьня 1937 году ў Ігуменскім раёне Менскай вобласьці, скончыў БДУ (1961), Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС (1971). 3 1954 году быў на культурна-асьветніцкай і камсамольскай працы.

У 1971-79 і 1983-87 гадах працаваў у Інстытуце эканомікі Акадэміі навук СССР, у 1979-82 гг. — прадстаўнік Саюзу савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежжам, дарадца амбасады СССР у Польшчы. 3 1987 году — галоўны рэдактар часопіса «Советское славяноведение», з 1989-га працаваў у Інстытуце сусьветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расейскай Акадэміі навук.

Каўка дасьледаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху. 3 канца 1970-х гадоў распрацоўваў праблемы адраджэньня і станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, творчасьці Ф. Скарыны, Я. Купалы, К. Езавітава, І. Луцкевіча, В. Ластоўскага, М. Улашчыка і інш. Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1–3, 1991–97).

У 1976-77 гадох Каўка напісаў «Ліст да расейскага сябра», палемічны твор пра стан беларускай мовы й парушэньне моўных правоў у падсавецкай Беларусі. Гэты ліст распаўсюджаваўся самвыдатам, трапіў у Польшчу, затым — у Лёндан, дзе быў выдадзены паралельна на расейскай і ангельскай мовах у 1979 годзе.

Дзякуючы дыпляматычнаму пашпарту Аляксея Каўкі на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, прысьвечаная 1000-годзьдзю Беларусі (1980). Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па сьвеце. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ.

Каўка таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёляга Алега Бембеля «Родная мова і сацыяльны прагрэс». Гэтая кніга сталася вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў і экспэртных ацэнак статусу беларускае мовы ў БССР і сьведчыла пра палітыку КПСС у нацыянальнай сфэры. У 1985 годзе кнігу выдалі ў Лёндане на беларускай мове, яна атрымала распаўсюд сярод колаў беларускае апазыцыі. Супраць аўтара адразу распачаўся перасьлед, але пачатак перабудовы выратаваў яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксей Каўка: “На кампраміс з д’яблам ісьці ня варта”