«Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае». Сабаленка ўпершыню выказалася пра гібель Кальцова

Другая ракетка сьвету Арына Сабаленка 21 сакавіка апублікавала ў сваім Інстаграме сторы, у якой упершыню пракамэнтавала гібель беларускага хакеіста і трэнэра Канстанціна Кальцова, зь якім яна сустракалася з 2020 году.

«Сьмерць Косьці — неймаверная трагедыя. І хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае. Калі ласка, паважайце маё асабістае жыцьцё і асабістае жыцьцё ягонай сям’і ў гэты цяжкі час», — напісала тэнісістка на ангельскай і расейскай мовах.

Гэта яе першы пост пасьля гібелі Кальцова.

З 19 па 31 сакавіка беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выступае на турніры WTA-1000 у Маямі. Яна пачне выступ з другога раўнду і згуляе першы матч 22 сакавіка супраць сваёй блізкай сяброўкі, гішпанкі Паўлы Бадаса. Паводле інфармацыі Tennis Channel, Сабаленка ня будзе размаўляць з прэсай падчас турніру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэнісістка Сабаленка паведаміла, што возьме ўдзел у турніры ў Маямі, нягледзячы на сьмерць сябра Кальцова

18 сакавіка ў Маямі памёр знакаміты беларускі хакеіст Канстанцін Кальцоў. Яму было 42 гады. Трагедыя здарылася ў гатэлі, дзе спыніўся беларус. Кальцоў памёр празь дзень пасьля звальненьня з уфімскага «Салавата Юлаева», у якім ён працаваў памочнікам трэнэра.

Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Маямі, меркаваная прычына сьмерці — самагубства, «падазрэньняў наконт гвалтоўнага характару сьмерці няма». Але былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава адзначыла, што гэта можа быць пасьпешлівай высновай, і выказала думку, што гэта быў няшчасны выпадак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць беларускага хакеіста Кальцова — меркаванае самагубства, — паліцыя Маямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстанціна Кальцова пахаваюць у Менску