«Я шкадую, што Міжнародны алімпійскі камітэт не прыслухаўся да нашага закліку, настойліва прашу яго строга выконваць устаноўленыя ім крытэрыі допуску расейскіх спартоўцаў да ўдзелу і гарантаваць, што любы ўдзел расейскіх і беларускіх грамадзян ня будзе выкарыстаны як прапаганда», — заявіў 20 сакавіка прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Тэодарас Русопулас, рэагуючы на рашэньне МАК дазволіць прадстаўнікам Беларусі і Расеі выступаць на Алімпіядзе ў Парыжы ў нэўтральным статусе.
Паводле слоў Русопуласа, заява якога апублікаваная на сайце ПАРЭ, у арганізацыі, што аб’ядноўвае парлямэнтароў з 46 краін, неаднаразова абмяркоўвалася пытаньне допуску спартоўцаў зь Беларусі і РФ да Алімпійскіх гульняў. Год таму прынялі рэзалюцыю «з адназначным адказам: расейскія і беларускія спартоўцы не павінны выступаць у Парыжы».
Палітык адзначыў, што «іх удзел быў бы абразай украінскіх спартоўцаў, некалькі зь якіх загінулі ў выніку вайны, а большасьць ня можа нармальна трэніравацца праз разбурэньне спартовай інфраструктуры».
«Я чуў, як некаторыя людзі выказваюць меркаваньне, што спартоўцы не павінны несьці адказнасьць за рашэньні сваіх урадаў. Давайце ня будзем наіўнымі. Любую перамогу гэтых атлетаў, нават пад нэўтральным сьцягам, можна сьвяткаваць і выкарыстоўваць як інструмэнт прапаганды. Ствараючы наратыў аб прыняцьці і нармалізацыі, які прымяншае сур’ёзнасьць дзеяньняў урадаў Расеі і Беларусі», — падкрэсьліў Русопулас.
19 сакавіка дырэктар дэпартамэнту МАК па сувязях з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі Джэймз Маклеад паведаміў, што да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях дапушчаныя 7 беларускіх і 12 расейскіх спартоўцаў у нэўтральным статусе. У будучыні іх колькасьць можа павялічыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім спартоўцам забаранілі ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў ПарыжыМаклеад адзначыў, што спартоўцы абедзьвюх краін ня змогуць узяць удзел у цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў, але «ім дадуць магчымасьць перажыць гэтую падзею [у якасьці гледачоў]». «Гэта той жа сцэнар, які выкарыстоўваўся для незалежных удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Барсэлёне 1992 году з былой Югаславіі», — сказаў прадстаўнік МАК.
Вынікі беларусаў і расейцаў, дадаў ён, ня будуць адлюстроўвацца ў агульным мэдалёвым заліку Алімпіяды.
Рашэньне наконт удзелу «нэўтральных» атлетаў у цырымоніі закрыцьця прымуць пазьней, сказаў Маклеад.
28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, але адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь ягоны пашпарт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім спартоўцам забаранілі ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Парыжы28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям у відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімну і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
8 сьнежня 2023 году МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы ў нэўтральным статусе. З прычыны блізкасьці летняй Алімпіяды шэраг адпаведных фэдэрацый дапусьціў беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.
Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.