Ці варта дэмакратычным сілам прыглядацца, каб нейкім чынам заангажаваць людзей адтуль? Калі не Лукашэнка, то хто можа ўзначаліць УНС, і ці важная тут пэрсаналія? Пра гэта гаворым з палітычным аглядальнікам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Першае пасяджэньне так званага Ўсебеларускага народнага сходу, які пасьля ўнесеных у Канстытуцыю зьменаў атрымаў новыя паўнамоцтвы, адбудзецца 24–25 красавіка. Гэта асноўная тэма для дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў цяпер. Можаце патлумачыць, дзеля чаго насамрэч Аляксандру Лукашэнку патрэбная гэтая структура?
— Гістарычна для Лукашэнкі склалася, што ён яго выкарыстоўваў, меў у ім палітычную патрэбу ў 1996 годзе, калі праводзіў рэфэрэндум. Потым гэта ўжо стала для яго такой традыцыяй. Тым больш што для яго вопыт з Усебеларускім сходам быў досыць пазытыўны. Ён рэклямаваўся як такога кшталту веча, беларускае ўспрыманьне «парлямэнтарызму». Таму невыпадкова, што ў 2020 годзе, калі ў Лукашэнкі былі досыць цяжкія часы, калі нават ён мусіў разважаць пра магчымасьці транзыту, магчымасьці захаваньня сваіх паўнамоцтваў, пераканфігурацыі ўсёй гэтай сыстэмы, ён невыпадкова зьвярнуўся да мадэлі з Усебеларускім народным сходам, якую ён для сябе бачыў, зь якой пасьпяхова працаваў.
І над ёй і пачалі працаваць, так бы мовіць, на ўсялякі выпадак. Можа спатрэбіцца. Калі што, то хай будзе. І ўсе адпаведныя структуры былі сфармаваныя да 2022 году, калі былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю і прайшоў так званы рэфэрэндум. Потым прыйшла вайна. Разам з вайной пачалася і іншая палітычная рэчаіснасьць. І сёньня асабліва гэта Лукашэнку ўжо так і не патрэбна, бо ён пачувае сябе ва ўладзе досыць утульна, у яго моцныя пазыцыі. Але гэта ўсё сфармавана. Куды ўжо падзенесься? Трэба праводзіць. Як мне падаецца, яны вырашылі проста паспрабаваць і паглядзець, як гэтая сыстэма са сходам працуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Лукашэнка аддасьць пасаду старшыні УНС камусьці іншаму — то палітычны крызіс у будучыні непазьбежны», — Вадзім Мажэйка— У Аляксандра Лукашэнкі цалкам ляяльны кішэнны парлямэнт. Як пройдуць прэзыдэнцкія выбары 2025 году, засьведчыла цалкам стэрыльная выбарчая кампанія сёлета ў лютым падчас так званага адзінага дня галасаваньня. Навошта яшчэ адна паслухмяная структура з прызначаных людзей, якая запатрабуе грошай зь бюджэту?
— Грошы ў гэтым сэнсе для Лукашэнкі хутчэй пытаньне другаснае. Гэта і магчымасьць кансалідаваць намэнклятуру. Тыя людзі, якія туды трапяць, ім будзе паказана: вы частка дзяржавы, вы таксама бераце ўдзел у дзяржаўным кіраўніцтве і будаўніцтве. У гэтым сэнсе гэты сход шмат у чым нагадвае зьезды Камуністычнай партыі ў СССР. Можа Лукашэнку яшчэ нагадвае і Зьезд народных дэпутатаў у СССР, бо ягоная палітычная маладосьць прайшла менавіта ў гэтыя часы. Намэнклятуру можна кансалідаваць і аб’яднаць яшчэ мацней вакол сябе.
Акрамя таго, каб на ўсялякі выпадак было. Лукашэнка ня ведае, як будзе складацца далей яго палітычнае жыцьцё. Магчыма, калі гэты праект распрацоўваўся, ён зыходзіў з таго, што ён будзе вымушаны сысьці на гэтую пасаду. Цяпер такой неабходнасьці відавочна няма. Але гэтыя структуры існуюць, і ў Лукашэнкі ёсьць шанец паглядзець, як гэта працуе. Ці будзе ён задаволены, знаходзячыся адначасова на дзьвюх пасадах. Я нават не выключаю, што паступова УНС, калі Лукашэнку гэта больш патрэбна ня будзе, адыдзе на другі ці трэці плян, і гаворка пра яго паступова скончыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заблытаў і сваіх, і чужых. Чаму Лукашэнка какетнічае наконт свайго ўдзелу ў выбарах 2025 году?«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.