Беларуса Мікалая Аляксеева, якога ФСБ забіла ў Карэліі, пахавалі ў Расеі

Мікалай Аляксееў

Хаўтуры адбыліся яшчэ 16 сакавіка.

Беларуса Мікалая Аляксеева, забітага ФСБ пры затрыманьні ў Карэліі, пахавалі ў Расеі 16 сакавіка, піша Deutsche Welle. Пра гэта выданьню расказаў адзін з сыноў Мікалая.

Па ягоных словах, расейскія спэцслужбы каля месяца сачылі за бацькам. Апошнія пару гадоў Аляксееў жыў у Расеі, у Беларусі яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (артыкул 368 КК) і абвясьцілі ў вышук.

«З бацькам размаўляў літаральна за некалькі дзён да яго забойства. Апошнім часам ён шукаў магчымасьць выехаць за мяжу, бо зь мінулага году Расея і Беларусь аб’ядналі вышуковыя сьпісы», — расказаў сын Аляксеева.

49-гадовага Мікалая Аляксеева забілі 7 сакавіка ў Карэліі супрацоўнікі ФСБ пры затрыманьні. Ведамства заявіла, што мужчына адкрыў агонь па супрацоўніках спэцслужбаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёра дзяцей, падтрымліваў пратэсты і дабраахвотнікаў ва Ўкраіне. Хто такі Мікалай Аляксееў, які стаў ахвярай ФСБ

Аляксееў значыўся ў расейскай базе вышуку як мінімум з 22 лістапада 2022 году. У ёй сказана, што мужчына нарадзіўся ў 1974 годзе ў Віцебску. Па якім крымінальным артыкуле яго абвінавачвалі, не ўдакладнялася.

Праз содні пасьля забойства Аляксеева суполка карэльскіх нацыяналістаў у тэлеграме зрабіла допіс пра «барацьбу з акупацыйнай адміністрацыяй», заявіўшы, што Аляксееў меў намер падарваць будынак мясцовай адміністрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да беларуса, якога затрымалі за падрывы цягнікоў на БАМе, не пускаюць адваката

Аднак сын Аляксеева, адзначаючы, што бацька выступаў супраць дыктатуры ў Беларусі і супраць расейскай вайны з Украінай, падкрэсьліў, што ягоны бацька быў глыбокім вернікам, спавядаўся і быў схільны да мірных мэтадаў барацьбы. Ён ня верыць, што бацька мог мець нейкае дачыненьне да зброі ці выбуховых прыстасаваньняў.

Паводле афіцыйнай вэрсіі расейскага сьледзтва, Аляксееў нібыта аказаў супраціў пры затрыманьні. Затрымаць яго хацелі ў рамках крымінальнай справы аб «падрыхтоўцы да тэракту», якую на Аляксеева завялі ў Карэліі ў той жа дзень. Падстава — Мікалай нібыта зьбіраўся ўзарваць адміністрацыю гораду Аланец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрыў цягнікоў на БАМе, падпал электрастанцыі. Як беларусы ўдзельнічаюць у антываенным супраціве ў Расеі