У рэзалюцыі Сэнат Польшчы нагадаў, што «25 сакавіка 2024 году спаўняецца 3 гады з дня зьняволеньня аднаго зь лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута».
«Сэнат Рэспублікі Польшча зьвяртаецца да Эўрапарлямэнту, парлямэнтаў і ўрадаў краінаў дэмакратычнага сьвету з заклікам прыняць меры для вызваленьня Анджэя Пачобута і ўсіх вязьняў сумленьня ў Беларусі», — цытуе тэкст рэзалюцыі Polskie Radio.
У рэзалюцыі асуджаецца «ганебны акт парушэньня правоў чалавека і асноўных правоў нацыянальных меншасьцяў», якім стала зьняволеньне Пачобута.
Сэнатары выказалі «самую высокую ацэнку непахіснай барацьбе Пачобута за права на польскасьць і свабоду ў Беларусі», а таксама салідарнасьць з ягонай сям'ёй і з усімі, хто змагаецца за яго вызваленьне.
Сярод іншага ў Сэнаце ўзьнялі пытаньне неабходнасьці ўзмацніць жорсткасьць санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мо і хоча, ды ня можа. Чаму Лукашэнка не вызваляе Пачобута ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі Newsweek назваў Анджэя Пачобута «Постацьцю 10-годзьдзя»Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.