Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Віетнама адправіў у адстаўку прэзыдэнта краіны Во Ван Тхыонга за парушэньні партыйнай дысцыпліны, якія выклікалі нэгатыўную рэакцыю грамадзкай думкі і паўплывалі на рэпутацыю партыі і ўлады.
Як паведаміла Віетнамскае інфармацыйнае агенцтва Во Ван Тхыонга звольнілі адразу з усіх пасад — прэзыдэнта, сябра Палітбюро і кіраўніка Рады нацыянальнай абароны і бясьпекі.
«Цалкам усьведамляючы сваю адказнасьць перад партыяй, дзяржавай і народам, ён падаў заяву аб адстаўцы з займаных пасад», — адзначаецца ў паведамленьні.
Ніякіх канкрэтных дэталяў аб прычынах адстаўкі не паведамляюць.
Нацыянальны сход Віетнама выбраў Во Ван Тхыонга прэзыдэнтам 2 сакавіка 2023 году, пасьля адстаўкі ягонага папярэдніка ў выніку карупцыйнага скандалу. Во Ван Тхыонг быў самым маладым кіраўніком Віетнаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Віетнам падпісалі пагадненьне аб узаемнай адмене візаўУлады Беларусі пасьля ўвядзеньня міжнародных санкцый за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і падтрымку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну пачалі інтэнсыфікаваць сваю супрацу з краінамі Афрыкі і Азіі, сярод якіх і Віетнам.
У канцы 2023 году ўрады Рэспублікі Беларусь і Віетнаму падпісалі шэраг дамоў аб супрацы, у тым ліку аб узаемным скасаваньні візаў і аб перадачы асуджаных для далейшага адбываньня пакараньня.
Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Віетнамам устаноўленыя 24 студзеня 1992 году. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворана ў пасольства ў сьнежні 1997 году, віетнамская дыпмісія ў Менску адкрылася ў канцы 2003-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паехаў зь візытам у краіны Афрыкі