Знакаміты беларускі дырыгер Вячаслаў Чарнуха-Воліч падаў пазоў супраць Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету з патрабаваньнем абвергнуць непраўдзівую інфармацыю, якая прыніжае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.
Суд прыняў пазоў да разгляду ў траўні 2023 году і правёў некалькі пасяджэньняў з выклікам сьведак для допыту ў судовым працэсе.
Цяпер прадстаўнік беларускага дырыгента зьвярнуўся ў суд па арганізацыю відэасувязі, дзякуючы якой Вячаслаў Чарнуха-Воліч разам са сваёй жонкай Аленай (яна зьяўляецца сьведкай у справе) могуць удзельнічаць у наступным пасяджэньні ўкраінскага суду з Ташкенту, дзе яны будуць знаходзіцца цягам наступных шасьці месяцаў.
Суд празь Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зьвярнуўся па прававую дапамогу ва Ўзбэкістан для забесьпячэньня іх удзелу пры дапамозе відэасувязі.
Як вынікае з апублікаванага судовага рашэньня, зьняпраўджаньне непраўдзівай інфармацыі, якая прыніжае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, зьяўляецца адзіным патрабаваньнем звольненага дырыгента.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нехта не хацеў, каб беларус займаў высокае месца ў адным з найлепшых тэатраў Украіны». Першае інтэрвію Чарнухі-Воліча пра звальненьнеВячаслава Чарнуху-Воліча ў красавіку 2023 году звольнілі з Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету за фота з дырэктарам бакінскай опэры Юсіфам Эйвазавым — мужам расейскай опэрнай сьпявачкі Ганны Нятрэбкі, якая была даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на ранейшых выбарах, атрымлівала ад яго ўзнагароды, фатаграфавалася зь сьцягам так званай «Наваросіі» разам з адным з кіраўнікоў прарасейскай адміністрацыі ў акупаванай частцы Данецкай вобласьці. Ва Ўкраіне супраць яе ўвялі санкцыі.
Вячаслаў Чарнуха-Воліч быў пераехаў у Адэсу пасьля звальненьня зь беларускага опэрнага тэатру за падтрымку мірных пратэстаў. Пасьля звальненьня з Адэскай опэры ён працуе ў Кішынёве, у тэатры опэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З опэрнага тэатру за грамадзянскую пазыцыю звольнілі ўжо чацьвёртага дырыгента