У яго межах у Эўрапарлямэнце адкрылі выставу «Я не баюся, няхай яны баяцца», прысьвечаную Алесю Бяляцкаму, беларускаму нобэлеўскаму ляўрэату, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская наведала адкрыцьцё выставы і выступіла з прамовай перад гасьцямі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Рэжым помсьціць Алесю за ягоную мужнасьць і прынцыпы. Рэжым помсьціць Алесю за яго дабрыню і адкрытае сэрца. Рэжым помсьціць Алесю за тое, што ён эўрапеец і адстойвае каштоўнасьці гуманізму. Алесь ахвяраваў сваёй свабодай, бо верыў у свабоду для ўсіх. Ён верыў, што пакуль свабоднымі ня будуць усе, свабодным ня будзе ніхто. Але калі рэжым думае, што турма зламае Алеся, ён памыляецца. Такія людзі, як Алесь, як усе нашыя палітычныя вязьні, яны непахісныя», — заявіла Ціханоўская падчас сваёй прамовы.
Пасьля адкрыцьця выставы прайшоў пэрформанс Беларускага Свабоднага тэатру «Постдзяцінства» з удзелам маладых актораў і акторак, якія паказалі свае ўласныя гісторыі пра вымушаную эміграцыю і вайну ва Ўкраіне мовай тэатру.
Сьвятлана Ціханоўская пасьля спэктакля адзначыла:
«Гісторыі „Постдзяцінства“ нагадваюць нам пра тое, што шрамы, пакінутыя дыктатурай і вайной, глыбокія і закранаюць ня толькі фізычныя ляндшафты Беларусі і Ўкраіны, але і ўнутраны сьвет нашых дзяцей. Прысутнічаючы сёньня тут і гледзячы гэты спэктакль, мы падтрымліваем іх. Мы паказваем, што стаім на іх баку і верым у свабоду».
Падчас візыту ў Брусэль Сьвятлана Ціханоўская возьме ўдзел у працы групы «Ўсходняга партнэрства» «Эўранэст», у якую ўваходзяць каля 30 удзельнікаў зь Беларусі.
У рамках візыту ў Брусэль Сьвятлана Ціханоўская правядзе двухбаковыя працоўныя сустрэчы, выступіць на форуме ALDE, прысьвечаным тэмам абароны, энэргетычнай бясьпекі і ўмацаваньня дэмакратыі і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўразьвязу абмеркавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і заявіла пра новыя захады ў падтрымку апазыцыі