Апошнія 10 гадоў былі самым сьпякотным дзесяцігодзьдзем з моманту пачатку назіраньняў за кліматам, гаворыцца ў дакладзе Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі ААН. 2023 год устанавіў абсалютны тэмпэратурны рэкорд, але 2024-ы можа стаць яшчэ гарачэйшым, папярэджваюць экспэрты, паводле DW.
Сярэдняя глябальная тэмпэратура паветра ў паверхні Зямлі летась была на 1,45 градуса Цэльсія вышэйшай, чым у даіндустрыяльную эпоху. Такім чынам, сьвет як ніколі блізкі да адзнакі 1,5 градуса — менавіта на ёй, у лепшым выпадку, плянавалася спыніць глябальнае пацяпленьне згодна з Парыскім пагадненьнем 2015 году (у горшым выпадку размова ішла пра 2 градусы).
«Ніколі раней мы не былі так блізкія да ніжняй мяжы, устаноўленай Парыскім пагадненьнем», — адзначыла кіраўніца Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі (СМА) ААН Селеста Саўла. Паводле яе, справаздача арганізацыі павінна стаць «чырвоным папераджальным сыгналам для ўсяго сьвету».
Пацяпленьне клімату ў 2023 годзе прывяло да рэкорднага скарачэньня плошчы ледавікоў, больш за ўсё — у Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. Так, плошча ледавікоў Швайцарыі за апошнія два гады скарацілася на 10%. Акрамя таго, экспэрты СМА ААН летась зафіксавалі некалькі хваляў цяпла, якія прайшлі праз 90% плошчы сусьветнага акіяну — гэта пагражае каралавым рыфам і іншым марскім эксасыстэмам.
Як адзначыў генсакратар ААН Антонію Гутэрыш, шматлікія тэмпэратурныя рэкорды апошніх гадоў паказваюць: спальваньне выкапнёвага паліва пагражае сьвету «кліматычным хаосам». Аднак не дапусьціць павышэньня глябальных тэмпэратур больш, чым на 1,5 градуса Цэльсія ў параўнаньні з даіндустрыяльнай эпохай, яшчэ можна, сьцьвярджае Гутэрыш.
У Беларусі назіраецца ўстойлівае пацяпленьне: у сярэднім за 10 гадоў цяплее на 0,4 градуса
«Паводле гідрамэтэаралягічных назіраньняў, у Беларусі ў сярэднім за 10 гадоў цяплее на 0,4 градуса», — заявіла на прэс-канфэрэнцыі намесьніца начальніка «Белгідрамэту» Сьвятлана Кузьміч, піша Reform.by.
Паводле яе, сярэдняя тэмпэратура ў Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе, з 2014-га па 2023 год, склала 8,1 градуса цяпла — гэта рэкорд у параўнаньні з папярэднімі дзесяцігодзьдзямі за гісторыю назіраньняў. За апошнія 5 гадоў сярэдняя тэмпэратура паветра склала 8,3 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 1,1 градуса. Рост тэмпэратуры паветра адзначаецца ва ўсе сэзоны году.
«За апошнія тры дзесяцігодзьдзі назіраецца дакладна выяўленая тэндэнцыя пацяпленьня, асабліва ў зімовы пэрыяд. Найбольшая станоўчае адхіленьне сярэднямесячнай тэмпэратуры паветра ў параўнаньні з папярэднім пэрыядам адзначаецца ў студзені, лютым і сакавіку. Гэта 2,4...2,6 градуса Цэльсія», — дадала яна.
З прычыны станоўчых анамалій у Беларусі цяпер раней сходзіць сьнег, а сярэднесутачная тэмпэратура паветра перавышае адзнаку 0 градусаў на 2-3 тыдні раней, чым звычайна. Зьмяненьне клімату ў Беларусі прыводзіць да павелічэньня колькасьці экстрэмальных умоваў надвор’я: моцнага ветру, шквалаў, сьмерчаў, залеваў, моцных сьнегападаў, высокай пажарнай небясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 29 лютага ў Беларусі абнавіўся тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў