Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Жузэп Бурэль па выніках пасяджэньні Эўрапейскай рады 18 сакавіка заявіў, што Беларусь застаецца сярод прыярытэтаў ЭЗ.
«Мы абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, унутраную сытуацыю, якая пастаянна пагаршаецца. Беларусь застаецца сярод прыярытэтаў нашага парадку дня.
Парушэньні грамадзянскіх і палітычных правоў беларускага народу працягваюцца. Там больш за 1400 палітычных зьняволеных. Мы заклікаем вызваліць іх і прымем далейшыя захады ў адпаведнасьці з прапановай дзяржаў-чальцоў працягнуць падтрымку беларускай апазыцыі», — заявіў Бурэль.
Таксама Рада замежных спраў абмеркавала расейскую агрэсію супраць Украіны пасьля абмену думкамі зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам у пачатку дыскусіі.
18 сакавіка Сьвятлана Ціханоўская заклікала Эўразьвяз прыняць больш рашучыя захады супраць Аляксандра Лукашэнкі.
«Сёньня, калі Рада замежных спраў ЭЗ зьбіраецца абмеркаваць сытуацыю ва Ўкраіне і Беларусі, я заклікаю да больш рашучых захадаў супраць рэжыму Лукашэнкі, каб падарваць ягоную падтрымку расейскай вайны і дапамагчы нашай барацьбе за свабоду, правы чалавека і дэмакратыю. Нам патрэбны ня проста словы, а дзеяньні», — напісала Сьвятлана Ціханоўская з нагоды ўключэньня беларускага пытаньня ў парадак дня сёньняшняга пасяджэньня міністраў замежных спраў краін ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада ЭЗ пагадзілася даць Украіне дадатковыя 5 мільярдаў эўра на вайсковыя патрэбы