Рада ЭЗ пагадзілася даць Украіне дадатковыя 5 мільярдаў эўра на вайсковыя патрэбы

Жузэп Бурэль

На пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў ЭЗ было прынятае канчатковае рашэньне аб вылучэньні Ўкраіне дадатковых 5 мільярдаў эўра на вайсковыя патрэбы ў межах Эўрапейскага фонду міру, паведамляе сайт Рады ЭЗ.

«ЭЗ выконвае свае абавязаньні. Фонд дапамогі Ўкраіне ператварае нашыя словы ў справы. З дапамогай фонду мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну, каб абараніць сябе ад расейскай агрэсіі любымі спосабамі і столькі, колькі спатрэбіцца», — цытуе сайт Рады кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Жузэпа Бурэля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны ЭЗ заключылі пагадненьне аб вайсковай дапамозе Ўкраіне на 5 мільярдаў эўра

Згодна зь сёньняшнім рашэньнем, фінансаваньне Эўрапейскага фонду міру складзе больш за 17 мільярдаў эўра ў пэрыяд 2021–2027 гадоў.

Эўрапейскі фонд міру быў створаны ў сакавіку 2021 году для фінансаваньня ўсіх мераў агульнай вонкавай палітыкі і палітыкі бясьпекі, якія тычацца вайсковых і абаронных пытаньняў.