У Лукашэнкі вызначылі дату правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу

Усебеларускі народны сход, 11 лютага 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

Дэлегаты сходу разгледзяць новую Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і ваенную дактрыну краіны. Усебеларускі народны сход таксама будзе вызначаць сьвяточныя і памятныя дні, ухвальваць кадравыя рашэньні.

Кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што першае пасяджэньне Ўсебеларускага народнага сходу, які пасьля зьменаў у Канстытуцыю мае новыя паўнамоцтвы, адбудзецца 24-25 красавіка.

«У першы дзень у асноўным будуць разглядацца пытаньні арганізацыйна-выбарныя, таму што пасяджэньне асаблівае. Трэба будзе рэалізаваць шэраг працэдур, якія прама прадугледжвае закон: выбраць рабочыя органы, лічыльную камісію, старшыню, намесьніка старшыні, прэзыдыюм Усебеларускага народнага сходу. У другі дзень будуць разглядацца пытаньні, уключаныя ў парадак дня», — працытавала Рамана Галоўчанку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Прэм’ер-міністар Беларусі нагадаў, што дэлегаты сходу разгледзяць новую Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і ваенную дактрыну краіны. Паводле яго, Усебеларускі народны сход будзе вызначаць сьвяточныя і памятныя дні, ухвальваць кадравыя рашэньні.

На нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў падрыхтоўцы пасяджэньня трэба арыентавацца на досьвед якаснай «арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі».

«Гэта і ўрачыста павінна быць, і, галоўнае, зьмястоўна. Каб было, як выбары ў Расеі, — камар носам не падлезе. Каб нас потым не папракалі. Усё цяпер сканцэнтравана на нас. У Расеі бурных падзей не плянуецца, навокал таксама. Засталося ў нас правядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу. Стаўкі асобных нашых беглых і Захаду на тое, каб паспрабаваць як мага больш унесьці дэзарганізацыю і развал у часе пасяджэньня і ўхваленьня рашэньня, — мы такога падарунку ім паднесьці не павінны», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦВК Беларусі паведамілі аб пачатку вылучэньня кандыдатаў у Савет рэспублікі і Ўсебеларускі народны сход

12 сакавіка ў Беларусі пачаўся працэс вылучэньня кандыдатаў у дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу (УНС). 290 дэлегатаў гэтага органа вылучаць мясцовыя саветы дэпутатаў рознага ўзроўню, яшчэ 400 — тэрытарыяльныя структуры і «суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці». Пры гэтым адна і тая ж асоба ня можа быць кандыдатам у дэлегаты УНС ад «грамадзянскай супольнасьці» і ад мясцовых саветаў дэпутатаў.

25 лютага ў Беларусі ўпершыню прайшлі аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі сцэнар для расейскіх выбараў
  • Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС зьяўляецца «найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладзьдзя». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
  • УНС будзе зацьвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, вайсковую дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў ды інш.
  • У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае пасяджэньне «ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе. Вылучэньне кандыдатаў ва УНС пройдзе з 12 па 31 сакавіка.