Два з паловай гады таму Генпракуратура пачала расьсьледаваньне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны, потым зьявілася асобная справа ў дачыненьні да Катрука.
У інтэрвію тэлеканалу АНТ гісторык і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што чарговым фігурантам суду над памерлымі стане Сымон Серафіновіч.
«Серафіновіч, нацыянальна-сьвядомы дзеяч Вялікай Брытаніі пасьля вайны, начальнкі паліцыі Міра. Другі працэс пасьля Катрука будзе над ім. Ён па вушы ў крыві». – сказаў Ігар Марзалюк.
Сымон Серафіновіч паходзіў з ваколіцаў Міра, нарадзіўся ў 1910 годзе. Летам 1944 года далучыўся да 30-ай грэнадэрскай дывізіі СС, здаўся ў палон амэрыканцам і пайшоў добраахвотнікам у 2-гі Польскі корпус. Пасьля вайны жыў у Лёндане, удзельнічаў у дзейнасьці беларускай дыяспары.
У 1990-х гадах супраць яго ў Вялікай Брытаніі была распачатая крымінальная справа за ваенныя злачынствы. Аднак яе спынілі з прычыны сталага веку і хваробы абвінавачанага.
У студзені 2024 года пра будучы працэс над ім выказваўся намесьнік пракурора Горадзенскай вобласьці Андрэй Скурат:
«Мы ўстанавілі каля сямі эпізодаў учыненых ім злачынстваў. Гэта і масавыя забойствы людзей, і спаленьне вёсак. У свой час ім спрабавала займацца нават ангельская паліцыя. Прыяжджалі сюды, на гарадзенскую зямлю, знайшлі сьведкаў. Але зь нейкай прычыны Серафімавіча не прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за злачынствы супраць чалавецтва».
Супрацоўнік пракуратуры паабяцаў сабраць доказы ягонай злачыннай дзейнасьці і прадставіць суду для прызнаньня Серафімавіча вінаватым у генацыдзе беларускага народа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Беларусі пачынае разгляд справы супраць грамадзяніна Канады Катрука, які даўно памёр