Украіна спыніла дзеяньне пагадненьня зь Беларусьсю аб чыгуначным транспарце. Якія пагадненьні Ўкраіна дэнансавала раней

Ілюстрацыйнае фота

Украіна спыніла дзеяньне Пагадненьня з урадам Беларусі аб дзейнасьці чыгуначнага транспарту, падпісанага 17 сьнежня 1992 году ў Кіеве. Пра гэта паведаміў прадстаўнік урада ў Вярхоўнай радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук.

Пагадненьне вызначала супрацоўніцтва паміж краінамі ў грузавых і пасажырскіх перавозках па чыгунцы, прадугледжвала каардынаваньне тарыфнай палітыкі, фінансавыя адносіны бакоў, а таксама супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы чыгуначнікаў. Украіна спыніла грузавыя чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю 24 лютага 2022 годк, з пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі з тэрыторыі Беларусі. Пасажырскія чыгуначныя паміж краінамі былі спыненыя раней, у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Таксама Мельнічук паведаміў пра ўхваленьне праекту закона «Аб дэнансацыі пагадненьня паміж Кабінэтам міністраў Украіны і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджаньня надзвычайных сытуацый і ліквідацыі іх наступстваў», падпісанага 7 ліпеня 2000 году ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна выходзіць з пагадненьня аб свабодным гандлі зь Беларусьсю

Якія яшчэ пагадзеньні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна

Цягам 2022 і першай паловы 2023 году Ўкраіна дэнансавала (выйшла або спыніла дзеяньне) больш за 30 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах, у тым ліку:

  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб свабодным гандлі;
  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
  • аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны ініцыяваў спыненьне дзеяньня дамовы зь Беларусьсю аб інвэстыцыях