Забарона на ўвоз асобных тавараў зь Літвы ў Беларусь пачне дзейнічаць з 1 красавіка, вынікае з пастановаў беларускага ўраду.
Згодна з пастановай ад 14 сакавіка № 182 «Аб прымяненьні спэцыяльнай абмежавальнай меры», забаронена перамяшчаць аўтамабільным транспартам праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы шэраг тавараў, прызначаных для продажу і (або) спажываньня ў Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжаньня.
У пералік увайшлі
- мінэральныя і газаваныя воды, салодкія газаваныя напоі і інш.;
- алькаголь: піва, віно, вэрмут, вінаграднае сусла, зброджаныя напоі (напрыклад, сідр, сакэ і інш.) і сумесі зь іх, сьпірт і сьпіртавыя настойкі;
- воцат і яго заменьнікі;
- аўтамабільныя шыны і покрыўкі;
- адзеньне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжываньні;
- ужываныя часткі і прыналежнасьці транспартных сродкаў.
Таксама ўрад дапоўніў пералік тавараў, вырабленых на тэрыторыі асобных «недружалюбных краінаў», якія забарона ўвозіць і прадаваць на тэрыторыі Беларусі.
У яго ўключылі асобныя тавары, вырабленыя ў Літве:
- малако і вяршкі згушчаныя,
- садавіна і арэхі замарожаныя,
- кава і яе заменьнікі,
- джэмы, жэле фруктовае, мармэляды, фруктовыя і арэхавыя пюрэ і пасты,
- садавіна, арэхі і іншыя ядомыя часткі расьлін, прыгатаваныя ці кансэрваваныя,
- сокі фруктовыя, агароднінныя, арэхавыя,
- воды, у тым ліку мінэральныя і газаваныя,
- алькаголь: піва, зброджаныя напоі і сумесі зь іх, сьпірт і сьпіртавыя настойкі, лікёры і іншыя сьпіртавыя напоі,
- воцат і яго заменьнікі,
- калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы,
- лядоўні, маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяваньне,
- папера, кардон, цэлюлёзная вата, палатно з цэлюлёзных валокнаў розных відаў,
- цэгла будаўнічая, блёкі для падлог, камяні керамічныя апорныя або для запаўненьня бэлечных канструкцый і аналягічныя вырабы з керамікі.
Забарона на ўвоз — мера ў адказ на прынятае Літвой рашэньне аб спыненьні руху тавараў, транспарту і людзей праз два памежныя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю.
1 сакавіка Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі».
Забараніўшы ўвоз зь Літвы шэрагу тавараў, беларускія ўлады «ўвялі санкцыі супраць саміх сябе і ўласнага народа», заявіў агенцтву BNS міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плакала». Як беларусы адрэагавалі на закрыцьцё Літвой яшчэ двух пераходаў зь Беларусьсю