За данаты фондам салідарнасьці асуджана ня менш як 64 чалавекі на тэрміны ад паўтара да 19 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на праваабарончы цэнтар «Вясна».
Абвінавачаным інкрымінаваўся арт. 361 ч.2 Крымінальнага кодэксу (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), у некаторых выпадках разам зь іншымі артыкуламі.
Праваабаронцы адзначаюць, што за ахвяраваньні структурам, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», у Беларусі пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Прычым пакараньне прысуджаецца нават у тых выпадках, калі тая ці іншая арганізацыя на момант ахвяраваньня не была прызнаная «экстрэмісцкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: By_Help: на людзей, якія «адкупіліся» за данаты, заводзяць крымінальныя справы за дзяржаўную здрадуТаксама паведамляецца, што пачасьціліся выпадкі перасьледу па арт. 290 ч. 1 КК (фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці) за данаты ў такія ініцыятывы, як BYPOL і «Кібэрпартызаны». Паводле гэтага артыкула асудзілі як мінімум траіх чалавек, агулам на 26,5 года калёніі.
У 2024 годзе «падчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых і прафіляктычных мерапрыемстваў па недапушчэньні дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай абстаноўкі» Міністэрства ўнутраных спраў устанавіла 260 асоб, якія перавялі на рахункі «экстрэмісцкіх фармаваньняў» больш за 5 тыс. даляраў.
У справаздачы на сайце УУС Менаблвыканкаму сьцьвярджаецца, што гэтыя грамадзяне пазьней зрабілі «добраахвотныя ахвяраваньні» на суму звыш 356 тыс. даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшлі да бацькоў, пагражалі праблемамі». Як у беларусаў працягваюць патрабаваць «кампэнсацыю» за данатыПаводле дадзеных Сьледчага камітэту, у 2023 годзе грамадзяне Беларусі зрабілі «добраахвотныя ахвяраваньні» за пералічэньні ў фонды салідарнасьці на 37 млн рублёў.
Практыку «добраахвотных ахвяраваньняў» за пералічэньні ў фонды салідарнасьці ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля ўкаранілі сілавыя ведамствы і спэцслужбы, у тым ліку КДБ. Людзям прапануецца перавесьці суму ў шматкротным памеры на «дабрачынныя мэты» пад патранажам дзяржавы ўзамен на вызваленьне ад патэнцыйнай крымінальнай адказнасьці. Дамоўленасьці не фіксуюцца афіцыйна.
Вядомыя выпадкі, калі «добраахвотнае ахвяраваньне» не вызваляла грамадзян ад крымінальнай адказнасьці.