Якія «вопытныя інструктары» трэніруюць спэцпадразьдзяленьні беларускіх унутраных войскаў

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў з шаўронам ПВК "Вагнэр" на трэніроўцы беларускіх вайскоўцаў, 22 сьнежня 2023

Завяршыўся сёмы сэзон курсу падрыхтоўкі вайскоўцаў спэцпадразьдзяленьняў унутраных войскаў (УВ) з удзелам «вопытных інструктараў».

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на тэлеграм-канал УВ.

На працягу трох тыдняў больш за 150 афіцэраў вайсковых частак, а таксама курсантаў факультэту ўнутраных войскаў «набывалі новыя і ўдасканальвалі існыя навыкі па тактычнай, агнявой, вайскова-мэдычнай, інжынэрнай, камандзірскай падрыхтоўцы, тапаграфіі і іншых дысцыплінах».

Намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі генэрал-маёр Мікалай Карпянкаў адзначыў, што падрыхтоўка вайскоўцаў зьяўляецца «сур’ёзным унёскам у разьвіцьцё ўнутраных войскаў у цэлым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Карпянкоў зьявіўся на вучэньнях з шаўронам з надпісам ПВК «Вагнэр»

Як адзначае «Позірк», гэтым разам телеграм-канал УВ не ўдакладніў, якія «вопытныя інструктары» рыхтавалі беларускіх вайскоўцаў.

9 лютага тэлеграм-канал УВ паведамляў пра завяршэньне шостага сэзону вучэньняў спэцпадразьдзяленьняў УВ з удзелам інструктараў ПВК «Вагнэр».

Карпянкоў раней паведамляў, што інструктары ПВК за сем месяцаў мінулага году падрыхтавалі 1600 адмыслоўцаў унутраных войскаў.

Прыватная вайсковая кампанія (ЧВК) «Вагнэр» і яе кіраўнік Яўгеній Прыгожын сталі часткай беларускага палітычнага парадку дня, калі Аляксандар Лукашэнка, паводле яго сьцьвярджэньня, выступіў пасярэднікам паміж Прыгожыным, які 23 чэрвеня летась учыніў мяцеж, і прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. У выніку Прыгожын перапыніў паход на Маскву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кувалда «Вагнэра» як дамоклаў меч для Лукашэнкі

26 чэрвеня 2023 году Пуцін прапанаваў чальцам ПВК, якія ўсьвядомілі «трагічную памылку», некалькі варыянтаў на выбар, у тым ліку — «сысьці ў Беларусь».

27 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Прыгожын знаходзіцца ў Беларусі і яму дадзены гарантыі бясьпекі.

Бізнэс-джэт, на якім ляцеў Прыгожын, разьбіўся ўвечары 23 жніўня 2023 году ў Цьвярской вобласьці РФ. Усе, хто быў на борце, загінулі.

Чальцы ПВК «Вагнэр» удзельнічаюць у падрыхтоўцы беларускіх вайскоўцаў і службоўцаў МУС.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.