За апошнія некалькі месяцаў некаторыя зь беларускіх мэдыя за мяжой б’юць трывогу, бо ня ўпэўненыя ў будучыні. Раней гэта былі Plan B, Reform.by. Днямі пра няпэўную будучыню «Белсату» расказвала былая ўжо кіраўніца каналу. У чацьвер аб прыпыненьні трансьляцыі заявіла беларуская рэдакцыя Радыё Ўнэт, якое таксама перадае з Польшчы па-беларуску.
«СМІ, якое залежыць ад адной крыніцы фінансаваньня — заўсёды больш уразьлівае»
Два апошнія згаданыя мэдыя фінансуе польскі ўрад. Польшча адна зь лідэраў сярод краін, якія аддаюць частку бюджэту на падтрымку незалежных мэдыяў. А СМІ, якія залежаць ад адной крыніцы фінансаваньня, найбольш уразьлівыя да любых рашэньняў ураду, які іх фінансуеь, кажа Марыя Садоўская-Камлач. Яна прыгадвае, як у мінулыя гады Данія і Швэцыя нечакана скарацілі 40% усёй сваёй
замежнай дапамогі. У выніку шматлікія праекты, якія не былі дрэннымі, вымушаныя былі закрыцца.
«Яны проста не былі ў стане дывэрсыфікваць свой бюджэт. Таму ўсякае СМІ, якое залежыць ад адной крыніцы фінансаваньня — ці то польскі, ці то дацкі, амэрыканскі ўрад — яно заўсёды больш уразьлівае ў параўнаньні з тымі мэдыя, якія на донарскім рынку маюць магчымасьць здабываць падтрымку адразу зь некалькіх крыніцаў, дзяржаўных або недзяржаўных», — гаворыць экспэртка.
Пры гэтым падтрымку беларускіх незалежных СМІ замежнымі ўрадамі яна называе хутчэй анамаліяй. Нядаўна Цэнтар мэдыядасьледаваньняў пры амэрыканскім Нацыянальным фондзе за дэмакратыю (NED) прааналізаваў праграмы падтрымкі розных праектаў у сьвеце за 10 гадоў. Падтрымка СМІ ад дэмакратычных краінаў склала 0,3% ад усёй іхнай дапамогі іншым краінам.
«Беларусь хутчэй была выняткам праз тое, што ў нас вельмі дрэнная сытуацыя з мэдыя. Краіны-донары прызвычаіліся падтрымліваць будаўніцтва дарог, школ, доступ да вады, доступ дзяўчатак да адукацыі, магчыма, нейкія культурніцкія праекты. Пры гэтым перавагу заўсёды аддавалі супрацы з урадамі, а не з дэмакратычнай апазыцыяй. Таму трэба мець вельмі рэалістычныя чаканьні, калі падтрымка мэдыясэктару адбываецца ў кантэксьце нейкіх палітычных падзеяў», — лічыць Садоўская-Камлач.
Калі гэтыя падзеі адбываюцца, то на Беларусь зьвяртаецца ўвага. Тое, што Беларусь працягвала заставацца ў фокусе нават нягледзячы на пачатак поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, экспэртка называе дасягненьнем беларусаў.
«А тое, што зараз пэўныя донары мусяць пераглядаць свае бюджэты, гэта хутчэй заканамернасьць. Такое бывае ўва ўсім сьвеце, з усімі мэдыярынкамі, залежнымі ад дзяржаўнай падтрымкі», — гаворыць экспэртка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская рэдакцыя Радыё Ўнэт прыпыніла трансьляцыю: «Гэта не закрыцьцё, а часовы адпачынак»«Выжыць без дапамогі ўрадаў іншых краін або незалежных донараў — гэта ілюзія»
У сьвеце існуе дастаткова вялікая група СМІ, вымушаных або часткова, або цалкам працаваць з-за мяжы. Ідзецца найперш пра дыктатарскія краіны. Адметнасьць беларускай сытуацыі ў тым, што за мяжу пасьля 2020 году выехалі прафэсійныя мэдыя. Гэта надало беларускаму мэдыясэктару зусім іншы ўзровень даверу. У выпадку такіх краін, як Сырыя або М’янма, стварэньнем СМІ за мяжой займаюцца хутчэй актывісты, прычым ад пачатку.
Ці могуць незалежныя СМІ, якія працуюць для сваёй аўдыторыі з-за мяжы, выжыць без дапамогі ўрадаў іншых краін або незалежных донараў? Садоўская-Камлач раіць пазбавіцца ілюзіяў. Яна кажа, што сёньня нават вельмі камэрцыйныя СМІ ў сьвеце ня могуць пражыць бяз грантаў.
«Я заўсёды прыводжу прыклад брытанскага выданьня The Guardian, дзе Біл і Мэлінда Гейтсы, іхны фонд, фінансавалі цэлую рубрыку пра тое, як аказваецца дапамога ўва ўсім сьвеце. The Washington Post зусім нядаўна звольніў 200 супрацоўнікаў — нягледзячы на тое, што выданьнем валодае Джэф Бэзас, ня самы бедны чалавек. Мы зараз у сытуацыі, калі ўсё больш і больш камэрцыйных мэдыя ўступаюць на грантавы рынак і кажуць донарам: „Ну паглядзіце, у нас жа найлепшы ахоп аўдыторыі, найлепшая якасьць, таму давайце грошы нам“. Але гэта ж не азначае, што мэдыя, якім далёка да The Guardian, трэба скласьці лапкі і чакаць толькі падтрымкі донараў».
Садоўская-Камлач кажа, што вельмі здаровы падыход — атрымліваць грошы, не прывязаныя да палітыкі пэўнага ўраду. Ідзецца пра індывідуальныя ахвяраваньні, напрыклад праз пляцоўку Patreon. Таксама гэта можа быць арганізацыя пэўных імпрэзаў, кнігавыдавецтва.
«Я ведаю беларускія мэдыя, якія пасьпяхова выкарыстоўваюць усе гэтыя крыніцы атрыманьня даходу. У дадатак гэта дапамагае ім быць бліжэйшымі да сваёй аўдыторыі або шукаць новую. Таму пасьпяховыя СМІ, у тым ліку ў выгнаньні, заўсёды шукаюць такія магчымасьці. Але, будзьма шчырымі, гэтыя магчымасьці ніколі не ствараюць 80-90% іхных даходаў, калі яны заблякаваныя ў сваёй краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду судзіцца». Былая кіраўніца «Белсату» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакідаць канал«Нават The Guardian мае ў краўдфандынгу толькі 5% неабходных сродкаў»
Мэдыяэкспэртка прыводзіць прыклад расейскага выданьня «Медуза», якое вельмі ганарылася тым, што можа існаваць як праект з-за мяжы. Усё гэта працягвалася да таго моманту, пакуль журналістаў і выданьне спачатку не прызналі «замежнымі агентамі», а пасьля «непажаданай арганізацыяй». Зараз у Расеі забаранілі ўсякую рэкляму ў мэдыя, якія маюць такі статус.
«Пры такіх умовах, якія ёсьць у Беларусі, найлепшы спосаб — дывэрсыфікаваць краіны, якія падтрымліваюць мэдыяпраект. Магчыма, трэба ісьці да прыватных кампаніяў, пераконваць іх у важнасьці справы і шукаць магчымасьці, якія дае рынак свабодных краінаў, дзе зараз знаходзяцца шмат якія рэдакцыі», — кажа Садоўская-Камлач.
Ці рэальна, каб сама аўдыторыя фінансавала СМІ? У выпадку невялікіх рэдакцыяў, як лічыць мэдыяэкспэртка, такое магчыма. Яна прыводзіць у прыклад калектыў Радыё Ўнэт, які складаецца з шасьці чалавек.
«Але я б не спадзявалася, што вялікія рэдакцыі, ад якіх мы чакаем больш паўнавартаснай працы, а не 2 гадзін трансьляцыі ў дзень, маглі на гэта выжыць. Па-другое, ёсьць праблема: а ці ня ўводзім мы тут нейкі маёмасны цэнз? Калі вы будзеце арыентавацца толькі на аўдыторыю, здольную за вас плаціць, то ці ня будзеце вы менш і менш рэлевантнымі для той аўдыторыі, якая ня зможа плаціць? Бо яе за гэта пасадзяць у турму, калі яна ў Беларусі. Або ня можа заплаціць, бо ня мае дастаткова грошай, каб увесь час вас падтрымліваць».
Яна зноў прыгадвае The Guardian, якому краўдфандынг прыносіць 5% неабходных сродкаў, але адмаўляцца нават ад гэтага там ніхто ня мерыцца. Такім чынам зьбіраць грошы можна і на пэўныя беларускія праекты, на асобныя тэмы, лічыць Садоўская-Камлач. Гэта могуць рабіць невялікія рэдакцыі або рэдакцыі зь вельмі багатай аўдыторыяй. Але без стварэньня інвэстыцыйнага вэнчурнага фонду для працы са стартамі, без вялікіх збораў сродкаў, без удзелу беларускага бізнэсу або бізнэсу зь беларускімі каранямі ня ўдасца стварыць мадэль фінансаваньня незалежных беларускіх мэдыяў з камэрцыйных крыніц, перакананая мэдыяэкспэртка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За апошні год аўдыторыя незалежных СМІ ня зьменшылася — мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч«Гэта мары, што рэкляма можа ўтрымаць паўнавартасную тэлевізію»
Ці могуць беларускім СМІ разьлічваць на даходы ад рэклям? Садоўская-Камлач раіць пацікавіцца, колькі тэхналягічныя гіганты, такія як Google ці Meta, аддаюць у мэдыя грошай за прагляды, якія тыя ствараюць.
«З боку плятформаў тут вялікая несправядлівасьць. Прыблізна на мільён праглядаў з нашага рэгіёну сярэдняе мэдыя атрымлівае тысячу эўра. Магчыма, для нейкіх выдаткаў гэта значная сума. А, напрыклад, у амэрыканскім маштабе гэта недзе 7 тысяч. Усё роўна гэта ня тыя кошты, якія б дазволілі ўтрымліваць прафэсійную тэлевізію з усімі прадуктамі, якія зараз стварае „Белсат“. Але гэта, вядома ж, не азначае, што немагчыма ствараць таньнейшую відэапрадукцыю, якая не нагадвае традыцыйную тэлевізію і якая б не магла часткова зарабляць на рэкляме ад Google ці Youtube і часткова на данатах, краўдфандынгу».
Яна прыводзіць прыклад тэлевізіі «Дэмакратычны голас Бірмы», якая ў пэўны момант вельмі добра стала зарабляць, калі прадала свае здымкі паводкі і голаду тэлеканалу CNN. «Громадське» ва Ўкраіне мае дамовы аб продажы кантэнту з баявой зоны.
«Але казаць, што рэклямай можна ўтрымаць паўнавартасную тэлевізію, дзе ёсьць і фільмы, і ненавінавыя прадукты, і пераклады, і культурніцкія праекты, то гэта хутчэй мара».
Праблемы беларускіх незалежных мэдыя перад кіраўнікамі глябальных тэхналягічных карпарацыяў неаднаразова падымала Сьвятлана Ціханоўская. Мэдыяэкспэртка тлумачыць, што гіганты агулам працуюць «супраць усіх» мэдыя, адбіраючы ў іх прыбытак. Калі раней рэклямадаўцы ішлі наўпрост ў СМІ, то зараз яны абіраюць Google Adds або штосьці яшчэ. У гэтым пляне ўсе перамовы з Big Tech зьвязаныя з тым, каб яны прынамсі на заміналі беларускім СМІ ў рэйтынгах Google News і каб там не была ўвесь час прапаганда афіцыйнага Менску. Каб дазвалялі выкарыстоўваць ужо наяўныя інструмэнты рэклямы і папулярызацыі зьместу на беларускай мове. Паводле Марыі Садоўскай-Камлач, гэтае пытаньне падымаецца і пэўны прагрэс ёсьць, хоць і павольны.
Яна раіць зьвярнуць увагу на дзейнасьць беларускіх карпарацыяў за мяжой, а таксама беларусаў, якія працуюць у розных замежных кампаніях. На думку мэдыяэкспэрткі, гэтаму сэктару варта было б паразмаўляць зь беларускімі мэдыя і падумаць пра адмысловы фонд, зь якога можна было б мець падтрымку, калі замежныя ўрады раптоўна абвяшчаюць пра намер рэфармаваць дзейнасьць СМІ, якія задумваліся і падтрымліваліся самімі беларусамі.