У Варшаве пахавалі беларуску Лізавету, якая загінула пасьля згвалтаваньня. ФОТА
Разьвітацца зь дзяўчынай прыйшлі каля 150–200 чалавек. Ціха чулася польская, беларуская, украінская, расейская мовы. Многія прыйшлі парамі — дзяўчаты і хлопцы, трымаючыся за рукі. Прысутнічаў хлопец Лізы Даніла. Прыехалі сваякі Лізаветы зь Беларусі.
Прыйшоў Зянон Пазьняк з жонкай Галінай. Ненадоўга прыехаў памаліцца за нябожчыцу ксёндз Вячаслаў Барок.
Цырымонію аформілі ў белыя колеры. Цела Лізы прывезьлі на белым катафалку ў белай труне.
Труну выносілі і заносілі жанчыны. Вечка не адчынялі. У залі грала спакойная музыка. Людзі падыходзілі да труны і складалі кветкі. Было чуваць плач.
Людзі прыходзілі зь белымі кветкамі на просьбу сваякоў. Пэрсанал разьвітальнай залі быў у белых строях.
За труной на могілкі ішлі моўчкі. Разьвітальныя словы зачытвалі толькі супрацоўніцы пахавальнай залі па-польску, быў расейскі пераклад.
«Мы тут таму, што тое, што адбылося, разьбіла нашыя сэрцы. Большасьць ня ведала Лізу асабіста. Але мы пазналі ў ёй нашых сёстраў, нашых сябровак. Мы пазналі ў ёй сябе. Гэта магла быць кожная з нас», — пачала прамову вядоўца пахаваньня.
Арганізатаркі пахавальнай цырымоніі расказалі гісторыю сустрэчы Данілы зь Лізай. Ён у каранавірус займаўся спортам, а Ліза закурыла цыгарэту. Гэта не спадабалася Данілу, ён выглянуў і ўбачыў прыгожую дзяўчыну. Так пачалося іхняе каханьне. Дзяцінства ў Лізы, расказалі арганізатаркі, было складанае. У доме былі сваркі і канфлікты. У такія моманты яны з братам Артурам сядалі за стол, пілі гарбату і марылі, што ў іхным дарослым жыцьці ня будзе голаду, «ня трэба будзе есьці малымі кавалкамі», будзе дом, поўны любові і супакою. Так і сталася, калі яны вырасьлі.
Ліза любіла рабіць дробныя прыемныя жэсты блізкім людзям, любіла гатаваць. Арганізавала для Данілы навучаньне на гітары, пра якое ён марыў, і першы ягоны хатні канцэрт.
Яна захапілася падарожжамі, езьдзіла ў Італію, Грэцыю, Францыю, Гішпанію. Марыла жыць у Францыі з каханым чалавекам і малодшай сястрой, займацца сваёй справай, падарожнічаць па сьвеце.
Ліза была таленавітая. Увесь час шукала новых цікавасьцяў, хутка загаралася імі і бралася за справу. Не любіла сядзець на месцы. Так яна пачала шыць шапкі з заечымі вушамі на продаж. Усё пачалося з шапкі для Данілавага брата. Вядомыя фоты Лізы, дзе яна сама ў такой шапцы.
Ні хлопец Лізы Даніла, ні хтосьці са сваякоў на разьвітаньні не прамаўлялі.
Перад пахаваньнем над нябожчыцай памаліўся праваслаўны сьвятар.
Месца пахаваньня было ўсыпанае пялёсткамі руж.
Пасьля завяршэньня цырымоніі на магілу яшчэ ішлі людзі зь белымі кветкамі.
Даніла, хлопец загінулай Лізаветы, у ранейшай размове зь «Белсатам» выказаў вялікую падзяку ўсім, хто быў побач.
«Я атрымаў вялізную колькасьць прапановаў дапамогі ад беларусаў, украінцаў, палякаў. Дактары, юрысты, служкі царквы і проста неабыякавыя людзі ўвесь гэты час падтрымлівалі, дапамагалі, былі побач, маліліся. Дзякую за вашыя добрыя сэрцы і падтрымку...».