У Менску ў лютым 2024 году закрылася прадстаўніцтва вядомай кампаніі Xerox. У пачатку 1990-х гэты брэнд стаў адным з сымбаляў прыходу ў Беларусь рынкавых адносінаў і адной з крыніцаў першапачатковага капіталу, піша выданьне «Белорусы и рынок».
Згодна з інфармацыяй на сайце Менгарвыканкаму, рашэньне ліквідаваць прадстаўніцтва прынялі ўласьнікі кампаніі.
Прадстаўніцтва Xerox было зарэгістраванае брытанскім офісам амэрыканскай карпарацыі ў Менску ў 2008 годзе, але сам брэнд прысутнічаў на рынку Беларусі ад пачатку 1990-х.
Xerox Corporation — сусьветны лідэр у вытворчасьці масавых капіявальных апаратаў. На іх імпарце, продажах і сэрвісе зарабілі першапачатковыя багацьці многія вядомыя бізнэсоўцы Беларусі, адзначае выданьне. Адным зь першых «ксэраксы» у краіну ў 1990-я пачала завозіць фірма «Ідэя», прэзыдэнтам і суўладальнікам якой быў вядомы бізнэсовец Леанід Шатон. Частку сродкаў, атрыманых ад продажу дэфіцытнай аргтэхнікі, Шатон пазьней уклаў у стварэньне Беларускай фондавай біржы і Беларускага біржавога банку.
У кастрычніку 2023 году стала вядома, што Xerox пакідае расейскі рынак, прадаўшы свой бізнэс-падразьдзел камандзе мясцовых мэнэджараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі сышоў аўстрыйскі інвэстар, які ўклаў у эканоміку краіны каля мільярда эўра- Праз палітычны крызіс і вайну ва Ўкраіне зь Беларусі пайшлі многія вядомыя міжнародныя брэнды. Сярод іх такія як Siemens, Intel, AMD, McDonald’s, IKEA, Booking, Airbnb, Shell, H&M, MAN, EA Games ды іншыя.
- Агулам, паводле падлікаў, якія вядзе рэсурс Motolko.help, з пачатку вайны ва Ўкраіне зь Беларусі сышлі або абмежавалі там сваю дзейнасьць сама меней 158 кампаній.