Палітвязьня Дзікуна будуць судзіць па абвінавачаньні ў «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі»

Дзяніс Дзікун

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Напрыканцы 2022 году тром «рэйкавым партызанам» са Сьветлагорску, у тым ліку Дзянісу Дзікуну, прысудзілі пазбаўленьне волі ў калёніі на тэрміны ад 21 да 23 гадоў. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня (СЦБ) на чыгуначнай станцыі на чацьвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і сувязь з ByPol.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што іх цягнікі будуць кідаць пад адхон». Як беларускія партызаны на тыдзень спынілі расейскія эшалёны

Дзікуна ў канцы красавіка 2023 году перавялі ў горацкую калёнію, дзе неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ.

Цяпер стала вядома, што 25 сакавіка ў Горках яго будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Справу будзе разглядаць судзьдзя Натальля Фамічова. Яму могуць дадаць яшчэ два гады зьняволеньня.