Пасьля абавязковай перарэгістрацыі аграсядзіб у Браслаўскім раёне засталося 5 аграсядзіб з 300, а ў Дубровенскім і Талачынскім раёнах — ніводнай. Пра гэта ў перадачы БелТА заявіла Вольга Фёдарава, галоўная спэцыялістка сэктару турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўленьня спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму.
Фёдарава адзначыла, што асноўныя прэтэнзіі да ўладальнікаў аграсядзіб былі ў тым, што іх дзейнасьць ператварылася ў здачу жыльля ў наём.
«У Віцебскай вобласьці было вельмі шмат аграэкасядзіб. Асноўная маса прыпадала на Браслаўскі раён — там было 300 аграэкасядзіб, а пры перарэгістрацыі засталося толькі пяць. Далей мы іх не кантралюем», — заявіла чыноўніца.
Для перарэгістрацыі кожнае сядзібы прыяжджала адмысловая камісія, якая фіксавала парушэньні заканадаўства.
«У кагосьці былі пытаньні наконт гігіены, бо вызначаны шэраг новых патрабаваньняў. Нават калі ў іх устаноўлена мангальная зона, то па новых патрабаваньнях павінна быць абавязкова і праточная вада, а раней такая дзейнасьць магла ажыцьцяўляцца ў доме, на хутары, і іх не правяралі», — сказала Фёдарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дранікі — вельмі дарагая ежа». Як беларусы адкрылі ў Варшаве карчму з традыцыйнымі стравамі і кухарам-грузінамЧыноўніца ня лічыць такое велізарнае скарачэньне колькасьці аграэкасядзіб праблемай. На думку Фёдаравай, «засталіся толькі найлепшыя аграсядзібы, што працуюць паводле вузкай спэцыялізацыі».
Найбольшая колькасьць дзейных аграсядзіб цяпер на Глыбоччыне — 32. Там ёсьць адзіны ў рэгіёне аграэкатурыстычны кластэр.
Раней Свабода паразмаўляла з гаспадарамі беларускіх аграэкасядзіб і даведалася, як іх уціскаюць. Толькі за апошні год колькасьць аграсядзіб у Беларусі зьменшылася ў 2,5 раза. Калі на пачатку 2023 году налічвалася 3043 сядзібы (рэальна працавалі 70%), то цяпер іх дзейнічае каля 1200.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не рабіла „чарка-шкварка“ карпаратываў». Як цяпер працуюць аграсядзібы, якіх стала ўдвая менш