У Беларусі прайшлі сумесныя вучэньні спэцпадразьдзелу МУС для барацьбы з тэрарызмам «Алмаз» і спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня Расгвардыі «Рысь», паведамляе тэлеграм-канал газэты МУС Беларусі «На страже».
У рамках сумесных заняткаў сілавікі трэнаваліся ў «плянаваньні і правядзеньні спэцапэрацыі для вызваленьня закладнікаў і затрыманьня ўзброеных злачынцаў».
Таксама супрацоўнікі спэцпадразьдзелаў Расеі падзяліліся досьведам у тактыцы прымяненьня падразьдзелаў «у зоне і тылавых раёнах СВА (так у Расеі называюць вайну супраць Украіны, разьвязаную ў лютым 2022 году. — РС)», гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія сілавікі ўзялі ўдзел у «Алімпіядзе спэцназу» ў Дубаі разам з калегамі з ЗША і Канады- Беларускі «Алмаз» стаў пераемнікам створанага ў 1994 годзе спэцпадразьдзелу «Беркут». Перад ім паставілі новыя задачы, у тым ліку ўдзел у барацьбе з арганізаванымі злачыннымі групоўкамі, затрыманьне асабліва небясьпечных і ўзброеных злачынцаў.
- З 2003 па 2011 год камандзірам «Алмазу» быў цяперашні намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. У 2020-м ён узначальваў ГУБАЗіК МУС, які быў непасрэдным удзельнікам масавага гвалту над удзельнікамі мірных пратэстаў, ня згоднымі з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У задушэньні пратэстаў таксама бралі ўдзел байцы «Алмазу».
- Фэдэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыя) — фэдэральны орган выканаўчай улады, які выпрацоўвае і рэалізуе дзяржаўную палітыку ў сфэры дзейнасьці Войскаў нацгвардыі, абароту зброі, прыватнай ахоўнай і дэтэктыўнай дзейнасьці, пазаведамаснай аховы. Улады Расеі таксама залучаюць Расгвардыю да разгонаў мітынгаў пратэсту.