Атрымаўшы пераканаўчыя перамогі ў чарадзе штатаў, прэзыдэнт Джо Байдэн і былы прэзыдэнт Дональд Трамп маюць дастатковую падтрымку дэлегатаў зьездаў сваіх партыяў, каб забясьпечыць сабе афіцыйнае вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў, піша «Голас Амэрыкі».
У скарбонцы прэзыдэнта Байдэна цяпер, як падлічыла агенцтва Associated Press, 2107 дэлегатаў нацыянальнага зьезду дэмакратаў пры неабходным мінімуме для вылучэньня 1968 чалавек.
Трамп таксама забясьпечыў сабе вылучэньне. Былы рэспубліканскі прэзыдэнт перамог у Джорджыі, Місысыпі, штаце Вашынгтон, што дало яму 1228 дэлегатаў пры 1215 неабходных, паведаміла АР.
На Гаваях падлік галасоў яшчэ працягваецца, але ён ня здольны зьмяніць агульную карціну.
У сваёй заяве Байдэн падзякаваў прыхільнікам за патэнцыйную намінацыю, пры гэтым назваўшы Трампа сур’ёзнаю пагрозаю дэмакратыі.
З словаў Байдэна, Трамп «вядзе кампанію, заснаваную на крыўдзе, помсьце і адплаце, што пагражае самой ідэі Амэрыкі».
«Для мяне вялікі гонар, што шырокая кааліцыя выбарнікаў, якая рэпрэзэнтуе багатую разнастайнасьць Дэмакратычнай партыі па ўсёй краіне, зноў даверыла мне кіраўніцтва нашай партыяй і нашай краінай у момант, калі пагроза, якая ідзе ад Трампа, вялікая як ніколі», — працягнуў ён.
Напярэдадні праймэрыз у аўторак Трамп прызнаў, што Байдэн будзе кандыдатам ад дэмакратаў, і зноў закрануў тэму ўзросту дзейнага прэзыдэнта ЗША.
«Мяркую, што Байдэн будзе кандыдатам, — сказаў Трамп у этэры CNBC. — Я яго адзіны апанэнт, ня лічачы жыцьця, самога жыцьця».
Трамп абрынуўся з крытыкай на Байдэна, назваўшы яго «найгоршым прэзыдэнтам у амэрыканскай гісторыі».
«Цяпер ня час для сьвятаў, — дадаў ён. — Мы будзем сьвяткаваць праз восем месяцаў, калі выбары скончацца».
Цяпер няма сумневаў, што восеньскія ўсеагульныя выбары стануць паўторам супрацьстаяньня двух кандыдатаў у 2020 годзе.
Такі рэванш з удзелам двух амэрыканскіх прэтэндэнтаў адбудзецца ўпершыню з 1912 году, калі Тэадор Рузвэльт кінуў выклік Уільяму Тафту. Цяперашняя кампанія, як адзначае агенцтва АР, амаль напэўна паглыбіць палітычныя і культурныя рознагалосьсі ў краіне ў найбліжэйшыя восем месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер Вугоршчыны Орбан заявіў, што плян Трампа па спыненьні вайны палягае ў скарачэньні дапамогі Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маё пасланьне Пуціну простае. Мы ня сыдзем. Мы ня схілімся». Што сказаў прэзыдэнт Байдэн у Кангрэсе ЗША