Урад Беларусі зацьвердзіў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі для ўмацаваньня маніторынгу, ацэнкі і справаздачнасьці ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця, зьвязаных зь міграцыяй.
У апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове сказана, што «каардынацыю і эфэктыўны кантроль за рэалізацыяй праекту» будзе ажыцьцяўляць Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.
У пастанове, падпісанай прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, не ўдакладняецца паходжаньне гэтай дапамогі. Адзначаецца, што праект прапанавала зацьвердзіць Камісія ў пытаньнях міжнароднай тэхнічнай супрацы, якая дзейнічае пры Савеце міністраў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты, кантрабанда, вагнэраўцы. Як Лукашэнка стварае «жалезную заслону»Мэты ўстойлівага разьвіцьця вызначаныя Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. Беларусь атрымлівала міжнародную тэхнічную дапамогу на іх рэалізацыю праз інстытуты ААН (UNDP, UNFPA, UNICEF, IOM і іншыя агенцтвы ААН), Усясьветны банк, а таксама Эўразьвяз.
Пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, міжнародныя арганізацыі спынілі ўсю фінансавую і тэхнічную дапамогу Беларусі.
У прыватнасьці, ад сьнежня 2020 году Эўразьвяз спыніў фінансаваньне праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Спрыяньне Рэспубліцы Беларусі ў разьвязаньні пытаньняў, зьвязаных з павелічэньнем колькасьці нерэгулярных мігрантаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты, якія незаконна трапілі зь Беларусі ў ЭЗ, паскардзіліся ў Эўрапейскі суд у правах чалавека на Літву, Латвію і Польшчу