Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і польскі прэмʼер-міністар Дональд Туск сустрэліся ў Белым доме, каб ацаніць сытуацыю зь бясьпекай і пагаварыць аб тым, што могуць азначаць нядаўнія тэрытарыяльныя захопы Расеі ва Ўкраіне для ўсяго рэгіёну, піша «Голас Амэрыкі».
Дуда абмеркаваў з Байдэнам сваю кампанію за павелічэньне выдаткаў на абарону саюзьнікамі NATO з 2% да 3% ВУП у адказ на тое, што ён назваў «поўнамаштабнай вайной, якую разьвязала Расея проста ля ўсходняй мяжы NATO».
«Агрэсія Расеі супраць Украіны ясна паказала, што Злучаныя Штаты ёсьць і павінны заставацца лідэрам у галіне бясьпекі, — сказаў ён. — Але і іншыя саюзьнікі павінны ўзяць на сябе вялікую адказнасьць за бясьпеку альянсу ў цэлым».
Байдэн, адзначаючы 25 гадоў сяброўства Польшчы ў NATO, ад імя ЗША выказаў падтрымку Вашынгтонскай дамове аб узаемнай абароне NATO, паводле якой атака на аднаго хаўрусьніка разглядаецца як атака на ўсіх. Ён сказаў, што амэрыканская падтрымка Польшчы непахісная.
У мінулым месяцы імаверны супернік Байдэна на восеньскіх прэзыдэнцкіх выбарах рэспубліканец і былы прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што ня будзе абараняць саюзьнікаў у NATO, якія не выдаткоўваюць дастаткова на абарону, і заахвоціць Расею «рабіць, што ёй заўгодна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы ініцыяваў эўрапейскія санкцыі супраць расейскай і беларускай сельгаспрадукцыіПрэзыдэнт ЗША Байдэн заклікаў Кангрэс ухваліць законапраект, які прадугледжвае накіраваньне 60 мільярдаў даляраў на бясьпеку Ўкраіны. Сэнат прыняў законапраект у мінулым месяцы большасьцю галасоў абедзьвюх партыяў, але рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў надалей блякуюць праходжаньне гэтага законапраекту.
«Мы павінны дзейнічаць, пакуль ня стала занадта позна, бо, як памятае Польшча, Расея ня спыніцца ва Ўкраіне. Пуцін будзе працягваць ставіць пад пагрозу Эўропу, Злучаныя Штаты і ўвесь вольны сьвет, на маю думку», — сказаў Байдэн.
Дональд Туск заявіў перад сустрэчай, што ён падыме перад Байдэнам пытаньне аб неабходнасьці ўзмацненьня NATO на ўсходнім флянгу, каб стрымліваць Расею.
«NATO павінна прызнаць, што калі ня сёньня, то заўтра, пасьлязаўтра апэратыўныя магчымасьці на ўсходнім флянгу NATO павінны ўзмацніцца», — сказаў Туск у інтэрвію тэлеканалу TVN24.
«Моцная, узброеная Польшча, якую падтрымліваюць саюзьнікі, — гэта пытаньне ня толькі нашай бясьпекі, але і бясьпекі ўсяго Захаду», — дадаў ён.
«Мы тут, каб пацьвердзіць, што Польшча ёсьць і будзе моцнай і доўгатэрміновай часткай трансатлянтычнай супольнасьці незалежна ад таго, хто перамагае на выбарах у нашай краіне», — сказаў Туск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На манэўрах NATO фарсуюць Віслу адразу ў трох месцах. Як праходзяць вучэньні ў ПольшчыДарадца ў нацыянальнай бясьпецы Белага дому Джэйк Саліван паведаміў журналістам, што Злучаныя Штаты прапануюць Польшчы 96 ударных гелікоптэраў Apache і ўхваляць простую пазыку на замежную дапамогу Варшаве на суму 2 мільярды даляраў.
Чакаецца, што будуць абмеркаваныя пляны на штогадовы саміт NATO, які адбудзецца 9–11 ліпеня ў Вашынгтоне.
Выступаючы перад пачаткам перамоваў, міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заклікаў сьпікера Палаты прадстаўнікоў Майка Джонсана правесьці галасаваньне аб фінансаваньні Ўкраіны, але зьмякчыў ранейшы зварот, у якім гаварылася, што Джонсан будзе вінаваты, калі законапраект пацярпіць няўдачу і расейскія войскі зноў рушаць углыб украінскай тэрыторыі.
«Калі амэрыканская дапамога не прыйдзе... Украіна можа апынуцца ў цяжкім становішчы, і гэта можа азначаць патрэбу ў большай колькасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе», — сказаў ён журналістам.
Сікорскі таксама зьвярнуў увагу, што сьпікер Джонсан баптыст паводле веравызнаньня, і заявіў, што Расея «перасьледуе рэлігійныя меншасьці, у тым ліку баптыстаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Сікорскі сказаў, што Польшча далучылася да пляну Чэхіі закупіць 800 тысяч снарадаў для Ўкраіны, і назваў фінансавы ўклад Варшавы «значным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пагрозу магчымага ўзброенага нападу Расеі ў Польшчы ўспрымаюць сур’ёзна, — аналітык Патоцкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы двухсэнсоўна выказаўся пра Крым. Заяву падхапіла прапаганда ў Беларусі і Расеі