Улады Беларусі затрымалі прынамсі 12 адвакатаў падчас масавых рэйдаў у канцы мінулага месяца супраць людзей, якія дапамагалі зьняволеным з палітычных матываў, паведамляе са спасылкай на беларускія праваабарончыя арганізацыі агенцтва Associated Press.
Пасьля выбараў 2020 году ўлады Беларусі затрымалі больш за 35 000 чалавек, многія зь якіх сьцьвярджаюць, што іх катавалі ў зьняволеньні, змушалі пакінуць краіну з нададзеным уладамі ярлыком «экстрэмістаў», піша агенцтва. Улады таксама затрымалі адвакатаў, якія апошнія чатыры гады аказвалі юрыдычную дапамогу палітвязьням і іхным сем‘ям.
Апошняя хваля арыштаў, падчас якой затрымалі 12 абаронцаў, прайшла 28 лютага ў многіх гарадах Беларусі, але вядома пра яе стала толькі апошнімі днямі. Праваабаронцы ня ведаюць, колькі затрыманых адвакатаў застаюцца за кратамі.
«Ціск на адвакацкую супольнасьць праз масавыя арышты і аблавы... ёсьць парушэньнем правоў грамадзян на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу», — гаворыцца ў заяве сямі беларускіх праваабарончых групаў, у тым ліку найстарэйшай і самай вядомай — «Вясны».
У Беларусі ў 2021 годзе забаранілі прыватныя юрыдычныя фірмы, а адвакаты мусілі ўвайсьці ў склад дзяржаўных калегіяў, за якімі пільна наглядае Міністэрства юстыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку, якая абараняла журналістаў Паўла Мажэйку і Дзяніса ІвашынаПраект «Права на абарону» паведаміў, што з 2020 году было як мінімум 23 выпадкі затрыманьня адвакатаў пасьля абароны імі людзей, арыштаваных, на думку групы, з палітычных матываў. Больш за 500 адвакатаў страцілі ліцэнзіі й пакінулі прафэсію. Сутыкнуўшыся з рэпрэсіямі ў Беларусі, многія зьехалі за мяжу.
Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка заявіў агенцтву Associated Press, што знаходзіць адваката для палітвязьняў усё цяжэй.
«У Беларусі склалася катастрафічная сытуацыя з правамі чалавека, калі ня толькі лідэры і актывісты апазыцыі, але і іхныя адвакаты зьнікаюць у турмах бяз сувязі з вонкавым сьветам», — сказаў Сапелка.
«Вясна» налічыла 1418 палітвязьняў, якія цяпер за кратамі ў Беларусі, у тым ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, заснавальнік арганізацыі Алесь Бяляцкі.
У беларускай праўнай сыстэме пасьля выстаўленьня абвінавачаньня чалавека прызнаюць вінаватым амаль абавязкова, але адвакаты яшчэ адыгрываюць важную ролю. Яны спрабуюць настойваць, каб справу не завяршалі пасьпешліва і каб законныя працэдуры выконваліся, таксама яны служаць важным каналам сувязі паміж затрыманымі і іхнымі сем’ямі.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту распачалі новую кампанію падтрыманьня беларускіх палітвязьняў, дасылаючы ім паштоўкі.
У заяве дэпутаты Эўрапарлямэнту сьцьвердзілі, што хочуць прыцягнуць увагу да «сытуацыі палітычных зьняволеных, якіх рэжым Лукашэнкі жорстка ўтрымлівае ў турмах, пад безупынным тэрорам і ў нечалавечых умовах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: У Менску сілавікі правялі «аблаву» на адвакатаў