Эўрапарлямэнт прыняў закон аб крыміналізацыі абыходу санкцыяў. Ён спрашчае канфіскацыю падсанкцыйных актываў

Будынак Эўрапарлямэнту

Эўрапарлямэнт на галасаваньні 12 сакавіка ўхваліў закон аб крыміналізацыі парушэньня і абыходу санкцый, уведзеных Эўразьвязам. У прыватнасьці, ён спрашчае канфіскацыю актываў, якія трапілі пад абмежаваньні, вынікае з апублікаванага тэксту.

Новы закон устанаўлівае вызначэньні парушэньняў, якія тычацца абыходу санкцыяў, і прынцыпы пакараньня за іх. Апроч наўмысных парушэньняў, закон крыміналізуе гандаль зброяй ці таварамі падвойнага прызначэньня з прычыны халатнасьці.

Пасьля прыняцьця закона ЭЗ краіны-сябры абавязаныя будуць прыняць нацыянальныя законы, якія адпавядаюць агульнаму правілу. Абыход санкцыяў павінен стаць у іх крымінальным злачынствам з пакараньнем у выглядзе турэмнага зьняволеньня ня больш як на 5 гадоў. Законы павінны прадугледжваць канфіскацыю даходаў, атрыманых ад абыходу санкцыяў і скарыстаных для гэтага інструмэнтаў.

У тым ліку гэта датычыцца актываў, у дачыненьні да якіх выкарыстоўваюцца спробы абысьці санкцыі. Гэта, у прыватнасьці, можа дазволіць краінам Эўразьвязу канфіскоўваць уласнасьць расейскіх прадпрымальнікаў і кампаній, якіх западозрылі ў спробе абысьці санкцыі.

Найбольшая колькасьць санкцыйных абмежаваньняў краіны ЭЗ увялі супраць Расеі і Беларусі, у сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. Адной з мэтаў прынятага дакумэнта называлася ўзмацненьне санкцыйнага ціску на Маскву і расейскіх алігархаў.

За дакумэнт прагаласавалі 543 дэпутаты, 45 супраць, 27 устрымаліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў на год санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя за рэпрэсіі і падтрымку агрэсіі Расеі