«Каналам будзе кіраваць беларус». TVP патлумачыла зьмены на «Белсаце»

Белсат

Польская грамадзкая тэлевізія TVP адказала на пытаньні Радыё Свабода пра прычыны звальненьня Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і будучыню тэлеканалу «Белсат».

Пра тое, што Рамашэўска-Гузы больш не дырэктарка тэлеканалу, яна раней паведаміла ў сваім Фэйсбуку.

«Кіраўніцтва Польскай тэлевізіі, якая ліквідуецца (фармальны юрыдычны статус. — РС), падзякавала ёй за шматгадовае супрацоўніцтва. Абавязкі Рамашэўскай-Гузы прыме яе цяперашні намесьнік і адзін з заснавальнікаў каналу Аляксей Дзікавіцкі», — гаворыцца ў адказе прэс-службы TVP.

Аляксей Дзікавіцкі

«Каналам будзе кіраваць беларус, што таксама адпавядае чаканьням беларускай апазыцыі. Аляксей Дзікавіцкі добра ведае каманду і, што немалаважна, разумее неабходнасьць супрацоўніцтва зь іншымі каналамі грамадзкай тэлевізіі».

Аляксей Дзікавіцкі нарадзіўся ў Пінску ў 1973 годзе. Паводле адукацыі — эканаміст. У незалежнай журналістыцы — зь сярэдзіны 1990-х. З 1997-га працаваў на Радыё Свабода: карэспандэнтам па Берасьцейшчыне, потым — у Польшчы. У 2007-м прыняў прапанову стварыць рэдакцыю інфармацыйных праграмаў на «Белсаце», зь лютага 2018 году — намесьнік дырэктара «Белсату».

У прэс-службе Польскай тэлевізіі дадалі, што зьмены зьвязаныя з працай над новай мадэльлю замежных каналаў TVP, якія фінансуюцца Міністэрствам замежных спраў.

«За апошнія гады бюджэт «Белсату» павялічыўся з 30 мільёнаў злотых у 2018 годзе да 90 мільёнаў злотых, заплянаваных на 2024 год. Павелічэньне фінансаваньня было зьвязана, між іншым, з плянамі аддзяліць канал ад структур TVP, што палегчыла б атрыманьне зьнешніх сродкаў», — гаворыцца ў адказе.

TVP тлумачыць, што гэты працэс ня быў ажыцьцёўлены. Міністэрства замежных справаў не зацьвердзіла фінансаваньне на гэты год у заплянаваным тэлевізіяй аб’ёме.

8 сакавіка Радыё Свабода зьвярнулася ў МЗС Польшчы па камэнтар наконт зьмяншэньня бюджэту тэлеканалу і яго будучыні. Да гэтага часу Свабода не атрымала адказу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарку «Белсату» звольнілі пасьля 17 гадоў працы на тэлеканале
  • «Белсат» — пераважна беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал, структурнае падразьдзяленьне Грамадзкага польскага тэлебачаньня — TVP. На час стварэньня быў адзіным беларускамоўным тэлеканалам у сьвеце.
  • Пасьля прыходу да ўлады ў канцы 2023 году новы ўрад Польшчы пачаў працэдуру ліквідацыі дзяржаўных СМІ. Такое рашэньне павінна было даць дзяржаўным СМІ магчымасьць функцыянаваць далей, бо ў рэжыме ліквідацыі нельга звальняць супрацоўнікаў у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня. Таксама гэта давала магчымасьць правесьці рэструктурызацыю гэтых СМІ.
  • 9 лютага каманда «Белсату» ў адкрытым лісьце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсату».
  • На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканалу «Белсат». Дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы ў інтэрвію Свабодзе назвала гэта «фактычнай ліквідацыяй» Белсату.