У расейскім Белгарадзе ў выніку атакі дрона пашкоджаны будынак мэрыі, ёсьць пацярпелыя

У расейскім Белгарадзе ў выніку атакі бесьпілётніка 12 сакавіка пацярпеў будынак мэрыі.

Губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў напісаў, што ў будынак адміністрацыі гораду ўрэзаўся дрон.

«Ёсьць двое пацярпелых: адна жанчына атрымала асколачныя раненьні, другая — кантузію. Пацярпелым аказваецца ўся неабходная мэдычная дапамога. У выніку выбуху ў будынку выбітыя вокны, пасечаны фасад», — паведаміў ён.

Пазьней мэр Белгараду Валянцін Дзямідаў удакладніў, што пацярпелі чатыры чалавекі. Паводле яго, яны атрымалі «нязначныя раненьні».

Гладкоў раней паведамляў, што дрон урэзаўся ў сьцяну крамы ў Белгарадзе. Ад выбуху ў будынку выбіла вокны і пасекла фасад, пацярпелі чатыры легкавыя аўтамабілі. Яшчэ адзін дрон упаў на дах гандлёвага цэнтру ў раёне чыгуначнага вакзалу. Пра пацярпелых не паведамляюць.

Бесьпілётнікі атакуюць горад, зь перапынкамі, з раніцы. У рэгіёне, каля мяжы з Украінай, ішлі баі з добраахвотніцкімі падразьдзяленьнямі, якія ваююць на баку Кіева. Прадстаўнікі падразьдзяленьняў сьцьвярджаюць, што перайшлі мяжу і замацаваліся на тэрыторыі Расеі. Расейскія ўлады і вайскоўцы гэта адмаўляюць.

За паўдня дзесяць рэгіёнаў Расеі зазналі атакі дронаў. Раніцай над Белгарадзкай вобласьцю таксама былі зьбітыя ракеты. Пра гэта паведаміла Мінабароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Легіён «Свабода Расеі» паведаміў аб прарыве ўкраінска-расейскай мяжы