Лукашэнка ня верыць, што ў Беларусі скончыліся запасы нафты

Нафтаздабыўная ўстаноўка на Гомельшчыне. Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка незадаволены тым, як у Беларусі ідзе пошук карысных выкапняў.

Аляксандар Лукашэнка ня верыць, што ў краіне ў асноўным вычарпаныя запасы нафты. Зь ягоных словаў, яе проста дрэнна шукаюць.

«Бывала, за савецкім часам мы здабывалі каля 8 мільёнаў тон нафты. Я нездарма называю гэтую лічбу. Прыродныя, геалягічныя ўмовы Беларусі ўсе ведаюць. 8 мільёнаў тон мы здабывалі нафты. Сёньня здабываем прыкладна 2 мільёны. У чым рэч? Мне тлумачаць: выпампавалі ўсё. Я ў гэта ня веру», — сказаў ён.

Ён падкрэсьліў, што ўсе карысныя выкапні — нацыянальны набытак і стратэгічны запас. Пры гэтым трэба шукаць тое, чаго ў Беларусі пакуль ня знойдзена, а таксама нарошчваць запасы наяўных выкапняў.

«А тое, чаго мы ня маем, але разьлічваем мець, трэба шукаць. Шукаем дрэнна, паспадзяваліся на адну кампанію, на аднаго чалавека…», — абурыўся ён.

Паводле яго словаў, тэмпы прыросту здабычы нафты незадавальняльныя.

«Ужываньне новых тэхналёгіяў, нарошчваньне аб’ёмаў сэйсмавыведкі і сьвідраваньня дазволілі пачынаючы з 2017 году забясьпечыць рост здабычы нафты ў сярэднім на 20 тысяч тон у год. Што далей? 20 тысяч тон у год — гэта сьлёзы», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: палова падсанкцыйных танкераў спыніла перавозку нафты з Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне знайшлі новае радовішча нафты на мільён тон. ФОТА