Партал «Люстэрка» паведамляе, што з 2021 года ў «Белавія» ідуць масавыя звальненьні людзей з палітычных прычынаў.
Скарачаюць пілётаў, бортправаднікоў, тэхнічны пэрсанал. Некаторыя зь іх пабывалі за кратамі. Пра тое, што адбывалася ў авіякампаніі апошнімі гадамі і як рэпрэсіі ўплываюць на бясьпеку палётаў, партал пагаварыў з крыніцай, знаёмай з сытуацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці бясьпечна лятаць самалётамі «Белавія» пасьля ўводу санкцый? Расказваюць былыя супрацоўнікі кампаніі«Звольнілі адных з найлепшых»
З словаў крыніцы «Люстэрка», пачынаючы з 2021 году ў «Белавія» рэгулярна звальняюць людзей празь іхную палітычную пазыцыю. Скарачэньні закранулі пілётаў, тэхнічных спэцыялістаў, бортправаднікоў. Некаторых зь іх затрымлівалі і саджалі на «содні».
— Усё пачалося, калі ў 2021 годзе ў «Белавія» зьявіўся куратар з КДБ — Алег Гаўрылік, — распавядае суразмоўца парталу. — Ён заняў пасаду намесьніка дырэктара па бясьпецы, рэжыме і кадрах. Здаецца, улетку таго года адну з бортправадніц пасадзілі на 15 дзён. Пасьля выхаду на свабоду яна адразу выехала з Беларусі. Але асноўная маса рэпрэсіяў пачалася ў 2022 годзе. Тады затрымалі яшчэ адну бортправадніцу. Наколькі ведаю, сядзела яна ў вельмі жорсткіх умовах — ледзь ня спала ў камэры на голай падлозе. Пасьля вызваленьня яе адразу звольнілі. З восені перасталі падаўжаць кантракты пілётам, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Гэта датычылася людзей, у якіх дамовы падыходзілі да канца. Людзей з доўгатэрміновымі кантрактамі саджалі на «содні». У адзін дзень затрымалі двух бортправаднікоў. Хадзілі чуткі, што зьверху спусьцілі сьпісы тых, каго неабходна звольніць. Зразумела, што шараговыя супрацоўнікі сьпісаў не бачылі. Але мне казалі, што ў іх было шмат людзей. Супрацоўнікаў са сьпісу выклікалі да начальства і апавяшчалі, што кантракт не будзе працягнуты. Тлумачылі звальненьне прыкладна так: «Зафіксавалі, што ты выходзіў на пратэсты, пытаньняў да тваёй працы няма, але сам усё разумееш».
У 2023 годзе рэпрэсіі працягваліся, расказвае суразмоўца. Адной бортправадніцы далі тры гады «хіміі». Некалькі чалавек звольнілі — сярод іх былі пілёты, другія пілёты і нават капітаны.
— Хачу падкрэсьліць, што звольнілі адных з лепшых камандзіраў, — кажа крыніца. — У «Белавія» заўсёды быў недахоп такіх людзей — гэта прафэсіяналы, якія шмат гадоў працавалі ў галіне. Але ім усё роўна паказалі на дзьверы. З усіх службаў авіякампаніі пайшло шмат добрых прафэсіяналаў. Былі і тыя, хто хадзіў на «прыём» да куратара з КДБ. Пра што казалі, сапраўды не ведаю, але іх у выніку не звольнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У параўнаньні з 2019 годам колькасьць пасажыраў менскага аэрапорта ўпала ў два разы«Некаторыя калегі разам хадзілі на пратэсты»
Пад скарачэньні ў асноўным патрапілі супрацоўнікі авіякампаніі, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах летам і ўвосень 2020 года. Крыніца «Люстэрка» кажа, што тады многія яго калегі выступілі супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Падтрымаў работнікаў нават прафсаюз «Белавія».
— Калі пратэсты толькі пачаліся, ва ўсіх яшчэ была вялікая надзея, — кажа суразмоўца. — Многія хадзілі на працу зь белымі ці бела-чырвонымі бранзалетамі. Ніхто з кіраўнікоў не пярэчыў. Тады дырэктарам авіякампаніі яшчэ быў нябожчык Анатоль Гусараў. На працы на стэндзе нават вісела заява прафсаюза з патрабаваньнем спыніць гвалт. Кіраўнікі казалі, што супрацоўнікі могуць выходзіць на вуліцы і выказваць сваю пазыцыю, але толькі не ў форме «Белавія». Некаторыя калегі — бортправаднікі, тэхнікі, пілёты — зьбіраліся ў групы і разам хадзілі на пратэсты.
Работнікі авіякампаніі сур’ёзна абмяркоўвалі ідэю страйку. Па словах крыніцы, паўдзельнічаць у ім хацелі нават некаторыя пілёты. Але абʼяднацца ў калектыву так і не атрымалася.
У «Белавія» працавалі разумныя годныя людзі, якія адэкватна ўспрымалі ўсё, што адбывалася ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, — працягвае суразмоўца. — Усе бачылі, як скралі галасы, як зьбівалі людзей на вуліцах гарадоў. «Белавія» — гэта люстэрка нашай краіны. Мне часта даводзілася чытаць думкі накшталт: вось, дзяржаўная авіякампанія, у ёй усё дрэнна. Паверце, 80% супрацоўнікаў — гэта адэкватныя людзі. Яны хацелі перамен, але нічога не маглі зрабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры мільярды эўра і забарона транзыту для «Белкалію». Колькі каштаваў Беларусі Пратасевіч«Для кіраўніцтва тэма з пасадкай самалёта з Пратасевічам была табуяваная»
23 траўня 2021 года беларускія спэцслужбы пасадзілі ў Менску самалёт ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Софʼя Сапега. Пасьля інцыдэнту ЭЗ увёў санкцыі супраць «Белавія». Праз год авіякампанія патрапіла і пад санкцыі ЗША.
— Сытуацыю з пасадкай самалёта мала хто абмяркоўваў. Для кіраўніцтва «Белавія» гэтая тэма была табуяваная, — узгадвае суразмоўца падзеі тых дзён. — Але цяжэйшая сытуацыя была яшчэ раней — падчас пандэміі. Адмянілі рэйсы ў Эўропу. Але даволі хутка нарасьцілі чартарныя рэйсы ў краіны для адпачынку: у Егіпет, Турэччыну. Хутчэй, санкцыі мацней ударылі па разьвіцьцю авіякампаніі. Многія самалёты, якія знаходзіліся ў лізінгу, прыйшлося вярнуць уладальнікам.
Суразмоўца ўзгадвае і іншую знакавую падзею восені 2021 года — мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. Паводле яго слоў, тады самалёты «Белавія» былі запоўненыя людзьмі з Сырыі і іншых краін Блізкага Усходу.
— У асноўным лёталі яны са Стамбула, — распавядае суразмоўца. — На рэйсе магло быць да 80% пасажыраў з гэтых краін. У асноўным мужчыны арабскага аблічча. Аднойчы мне ўдалося нават пагаварыць з адным зь іх. Ён сказаў, што хоча праз Беларусь патрапіць у Нямеччыну. Каб дабрацца да нашай краіны, ён заплаціў каля чатырох тысяч эўра. І яшчэ чатыры тысячы, каб даехаць да Нямеччыны. Калегі бачылі, як у Стамбуле прадстаўніца «Белавія» падводзіла да самалёта невялікія групы людзей. Было ўражаньне, што гэта былі арганізаваныя гурты. Яны траплялі ў Беларусь не толькі рэйсамі «Белавія», але і самалётамі сірыйскай авіякампаніі Cham Wings Airlines. Амаль кожны дзень ляталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году на самалётах, якія ляталі з Расеі ў Менск, адбылося ня менш за 23 інцыдэнты, зьвязаныя зь бясьпекай палётаў«Што, амэрыканцы ня ведаюць, куды прадаюцца такія дэталі?»
Крыніца расказвае, што эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі паўплывалі на хуткасьць дастаўкі неабходных запчастак для самалётаў. Узьніклі праблемы і з аднаўленьнем праграмнага забесьпячэньня на борце. Аднак «Белавія» даволі хутка адаптавалася да сытуацыі і знайшла спосабы абыходу абмежаваньняў.
— Першы час пасьля ўвядзеньня санкцый пілёты ў прыватных размовах скардзіліся, што перасталі абнаўляцца навігацыйныя мапы, — апісвае сытуацыю суразмоўца «Люстэрка». — Гэта праграма, якая выбудоўвае маршрут самалёта па пэўных кропках. Кожны год вытворцы самалётаў, напрыклад, Boeing, іх абнаўлялі. Пілёты былі вымушаны лётаць па старых мапах. Былі праблемы і са своечасовай дастаўкай амэрыканскіх і эўрапейскіх запчастак. Яны ішлі праз трэція краіны. Памятаю, увосень 2022 гады зламалася адна з дэталяў у рухавіку Boeing 737 MAX. Яна была грувасткая, хутка і патаемна яе даставіць немагчыма. Тым больш у сьвеце такіх самалётаў не так ужо шмат. Але два-тры тыдні — і яна прыехала ў Беларусь. Што, амэрыканцы ня ведаюць, куды прадаюцца такія дэталі? Вось так працуюць санкцыі. Ці, напрыклад, «Белавія» не можа са сваіх рахункаў пераводзіць грошы і аплачваць паслугі некаторых замежных аэрапортаў — напрыклад, запраўку самалёта. Пілёты проста аплачваюць такія рэчы са сваіх пэрсанальных картак.
Цягам 2023 года з самалётамі беларускай авіякампаніі рэгулярна здараліся тэхнічныя непаладкі: няспраўнасьці з коламі, шасі, сыстэмай кандыцыянаваньня. Пры гэтым, паводле слоў суразмоўцы парталу, стаўленьне да бясьпекі палётаў у «Белавія» па-ранейшаму на высокім узроўні, але масавыя скарачэньні маглі адыграць сваю адмоўную ролю.
— Магу сказаць, што ўсе пілёты «Белавія» — вельмі адукаваныя і кампэтэнтныя людзі, — кажа ён. — Ніхто з іх не адправіцца ў рэйс, калі не будзе ўпэўнены, што самалёт цалкам гатовы да палёту. Самалёты праходзяць поўную тэхнічную праверку. Але многія добрыя адмыслоўцы, як я ўжо казаў, былі звольненыя. І як гэта адабʼецца на якасным абслугоўваньні тэхнікі, можна толькі здагадвацца.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.