Рэжысэр украінскага фільму «20 дзён у Марыюпалі» Мсьціслаў Чарноў працаваў на Associated Press у Беларусі падчас пратэстаў 2020 году. Менавіта ён 10 жніўня зьняў момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага — першага пратэстоўца, забітага сілавікамі.
Гэты матэрыял, апублікаваны апэратарам, стаў доказам таго, што Тарайкоўскага менавіта застрэлілі, бо ў МУС сьцьвярджалі, што Аляксандар загінуў ад выбухоўкі, якую нібыта трымаў у руках. Менавіта прозьвішча Чарнова стаіць у подпісе пад фатаздымкам, які распаўсюдзіла Associated Press у ноч трагедыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год з дня сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. Як гэта былоНа фота- і відэаматэрыялах зафіксавана, што Тарайкоўскі проста ішоў з раскінутымі рукамі ў бок сілавікоў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская».
Затым улады сталі перасьледаваць кожную спробу ўшанаваць памяць загінулага. Людзей арыштоўвалі за ўскладаньне кветак каля станцыі мэтро «Пушкінская», а значкі ў памяць Аляксандра Тарайкоўскага і яшчэ аднаго забітага сілавікамі — Генадзя Шутава — прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Фільм пра трагедыю акупаванага Расеяй украінскага гораду Марыюпаль уразіў сусьветную кінэматаграфічную грамадзкасьць. Стужцы прысудзілі прэмію «Оскар» за найлепшы дакумэнтальны фільм. Гэта першая падобная ўзнагарода ў гісторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра трагедыю ўкраінскага Марыюпалю, акупаванага Расеяй, заваяваў «Оскар» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка дазволіў вайскоўцам ужываць зброю супраць грамадзян. Тлумачэньні юрыста і былога сілавіка