Міністэрства абароны Малдовы абвясьціла аб правядзеньні вайсковых вучэньняў з удзелам рэзэрвістаў.
Як паведаміла малдоўскае выданьне newsmaker.md, вучэньні адбудуцца ў красавіку, траўні, чэрвені і верасьні.
Кожны раз вучэньні, мэта якіх — праверка навыкаў рэзэрвістаў па выкарыстаньні тэхнікі і зброі, будуць доўжыцца пяць дзён.
«Вучэньні адбываюцца згодна з Законам аб рэзэрве Ўзброеных сіл і плянам падрыхтоўкі Нацыянальнай арміі на 2024 год», — падкрэсьлілі ў Міністэрстве абароны Малдовы.
Вучэньні праходзяць на тле заяў пра намер Расеі дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове
Міністар замежных спраў Малдовы Міхай Папшой заявіў, што краіна сутыкаецца з шматлікімі пагрозамі з боку Расеі на шляху да сяброўства ў Эўразьвязе.
«Расейцы вучацца і адаптуюцца, і яны спрабуюць выкарыстаць дэмакратычны працэс супраць нас... каб зрынуць дэмакратычны ўрад у Малдове», — сказаў Міхай Папшой у інтэрвію агенцтву AP.
Паводле яго, Крэмль зьбіраецца інвэставаць «шмат энэргіі і фінансавых рэсурсаў» праз сваіх марыянэтак, каб дасягнуць сваёй мэты.
Міхай Папшой дадаў, што з гэтага пункту гледжаньня апошнія два гады былі найбольш складаныя. Застаецца напружанай сытуацыя з Прыднястроўем.
У той жа час, паводле яго, Малдова істотна прасунулася ў энэргетычнай бясьпецы і ўзмацненьні сваёй абароназдольнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік выведкі Малдовы заявіў, што Расея плянуе дэстабілізацыю ў краінеШостага сакавіка кіраўнік Службы бясьпекі і выведкі Малдовы Аляксандру Мусьцяцэ папярэдзіў, што Расея зьбіраецца ўмешвацца ў выбары і сабатаваць працэс уступленьня Малдовы ў Эўразьвяз.
На канец гэтага году ў Малдове прызначаныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, дзейная прэзыдэнтка Мая Санду плянуе балятавацца на другі тэрмін. Яе партыя PAS набрала больш за 40 працэнтаў галасоў на мясцовых выбарах і ідзе паперадзе іншых на парлямэнцкіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова падпісала абароннае пагадненьне з Францыяй на фоне асьцярогаў наконт дэстабілізацыі з боку Расеі