Стан дзьвюх малалетніх дзяўчынак Дарыны і Валерыі Багдзевіч, 2020 і 2022 гадоў нараджэньня, якіх шукалі 10 гадзін у Пухавіцкім раёне на Меншчыне, стабільны і не выклікае трывогі, паведаміла раніцай 11 сакавіка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
«Плянуецца пасьля правядзеньня неабходных дадатковых мэдычных кансультацый адправіць малых дадому», — адзначае ведамства.
Дзеці згубіліся ў вёсцы Рыбцы 10 сакавіка. Паводле інфармацыі Міністэрства надзвычайных сытуацый, іх шукалі 600 чалавек, было залучана 50 адзінак тэхнікі.
«Пошукі ажыцьцяўляліся па бліжэйшых населеных пунктах: абсьледаваліся лес, палі, мэліярацыйныя каналы, чыгуначныя каляіны, берагавая лінія ракі Сьвіслач», — паведамляе МНС.
11 сакавіка ў 3:18 дзяўчынак знайшлі ў лесе каля садовага таварыства «Колас Залаты» — за 2,5 км ад вёскі Рыбцы. МНС паведаміла, што іх шпіталізавалі з дыягназам «агульнае пераахаладжэньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Воршы пасьля забойства чатырох дзяцей звольнілі дваіх чыноўнікаў