Маскву папярэдзілі аб магчымых наступствах такога ўдару, да ціску на Крэмль былі падключаныя саюзьнікі Вашынгтона, Індыя і Кітай, перадае тэлеканал CNN.
Журналісты спасылаюцца на ананімныя крыніцы ў Белым доме. Па іх дадзеных, у Вашынгтоне былі ўпэўненыя, што пасьля адступленьня з Хэрсона ў жніўні 2022 года Масква будзе гатова прымяніць ва Ўкраіне тактычную ядзерную зброю. Летам-восеньню 2022 года Рада бясьпекі ЗША правяла некалькі пасяджэньняў з абмеркаваньнем сытуацыі.
Па дадзеных CNN, Вашынгтон не валодаў інфармацыяй аб падрыхтоўцы да нападу стратэгічных ядзерных сіл. Аднак выкарыстаньне тактычнай зброі магло быць падрыхтавана ва ўмовах сакрэтнасьці. ЗША зьвярталі ўвагу на разьведвальную інфармацыю, рыторыку расейскіх уладаў і заявы Масквы, што Ўкраіна занята распрацоўкай радыеактыўнай «бруднай бомбы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без дазволу Пуціна Лукашэнка нават зазірнуць у ядзернае сховішча ня зможа, — экспэрт у ядзерных пытаньнях Максім СтарчакУ кастрычніку 2022 года расейскі Інстытут сусьветнай эканомікі і міжнародных адносін Расейскай Акадэміі навук выпусьціў даклад, у якім сьцьвярджалася, што Масква ня будзе прымяняць ядзерную зброю, калі вайна з Украінай застанецца ў цяперашніх маштабах. У дакумэнце гаварылася, што рызыка ядзернай эскаляцыі, з пункта гледжаньня Масквы, існуе толькі ў выпадку наўпроставага ўмяшаньня ў вайну іншай ядзернай дзяржавы.
У лістападзе 2022 года аб занепакоенасьці адміністрацыі прэзыдэнта ЗША ядзернай пагрозай з боку Расеі пісала газэта The New York Times. Адзначалася, што дыскусіі аб прымяненьні зброі маглі весьціся сярод расейскіх вайскоўцаў.
З тых часоў, паводле ацэнкі крыніц CNN, небясьпека прымяненьня ядзернай зброі Расеяй зьнізілася, хаця рыторыка расейскіх сьпікераў засталася ранейшай. Так, у чэрвені 2023 года пракрамлёўскі палітоляг, навуковы кіраўнік факультэта сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Расеі Сяргей Караганаў заклікаў да прымяненьня ядзернай зброі супраць краін Захаду. Неабходнасьць нанесьці ядзерны ўдар па «умоўнай Познані» Караганаў абгрунтоўвае тым, што Расеі трэба перамагчы не Ўкраіну, а Захад, і для гэтага Захад трэба раскалоць: калі нанесьці ядзерны ўдар па Польшчы, Вашынгтон напэўна не захоча рызыкаваць «умоўным Бостанам» і ад удару ў адказ устрымаецца, краіны NATO «здадуцца», і «на шляху Расеі да духоўнага адраджэньня, накіраванага на Ўсход, перашкод больш не будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракрамлёўскі палітоляг Караганаў заклікаў прымяніць ядзерную зброю супраць Захаду