«Беларуськалію» не ўдалося выйграць спрэчку з Рэестравым цэнтрам Літвы наконт яго замарожаных актываў у выглядзе 30% акцый клайпедзкага тэрміналу навалачных грузаў у (Biriu kroviniu terminalas, BKT), пішуць літоўскія СМІ са спасылкай на агенцтва BNS.
6 сакавіка рэгіянальны адміністрацыйны суд Літвы адхіліў скаргу «Беларуськалію», пастанавіўшы, што дадзеныя аб замарожаных акцыях адпавядаюць дакумэнтам, на падставе якіх іх туды ўнесьлі. Таму яны ня могуць лічыцца памылковымі і не падлягаюць выпраўленьню.
Рашэньне суда можа быць абскарджанае ў Вярхоўным адміністрацыйным судзе Літвы на працягу 30 дзён.
«Беларуськалій» сьцьвярджаў у судзе, што ў пачатку сакавіка 2023 году папрасіў Рэестравы цэнтар выправіць нібыта памылковыя дадзеныя ў рэестры аб прымяненьні абмежавальных мер у дачыненьні да кампаніі як акцыянэра БКТ. На думку «Беларуськалію», акцыі, якімі ён кіруе, ня могуць быць замарожаныя ў адпаведнасьці зь міжнародна-прававымі нормамі, бо яны абароненыя пагадненьнем паміж урадамі Беларусі і Літвы аб заахвочваньні і абароне інвэстыцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд адмовіўся зьняць санкцыі з тэрміналу Клайпедзкага порту, які часткова належыць «Беларуськалію»- «Беларуськалію» належыць 30% акцый тэрміналу навалачных грузаў у літоўскай Клайпедзе. Цяпер акцыі замарожаныя, бо ў 2021 годзе ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемства. З прычыны ўплыву санкцый у студзені 2022 году нарвэскі пастаўшчык калію Yara — адзін з найбуйнейшых у Эўропе пакупнікоў беларускіх угнаеньняў — абвясьціў аб спыненьні супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем».
- 1 лютага таго ж году спыніўся экспарт калійных угнаеньняў празь літоўскі порт у Клайпедзе.
- Санкцыі супраць Беларусі моцна паўплывалі па клайпедзкі тэрмінал Biriu kroviniu terminalas – яму давялося звольніць большасьць супрацоўнікаў, абароты ўпалі больш як у 10 разоў, прадпрыемства больш не прыносіць прыбытку.
- У сьнежні Эўрапейскі суд адмовіўся зьняць санкцыі з тэрміналу Клайпедзкага порту, але «Беларуськалій» працягвае судовыя разборы праз страты, зьвязаныя, на думку прадстаўнікоў кампаніі, з парушэньнем урадам Літвы пагадненьня пра абарону інвэстыцый.