Беларусь — у сярэдзіне сусьветнага рэйтынгу па атлусьценьні грамадзян

Ілюстрацыйнае фота

20,13% мужчын і 23,70% жанчын у Беларусі пакутуюць на атлусьценьне, сьведчаць дадзеныя навуковага дасьледаваньня.

Паводле зьвестак дасьледаваньня, апублікаванага ў навуковым часопісе The Lancet, колькасьць людзей з атлусьценьнем у сьвеце ў 2022 годзе ўпершыню перавысіла мільярд, хаця ў 1990 годзе ад атлусьценьня ва ўсім сьвеце пакутавалі 226 мільёнаў чалавек, піша ThinkTanks.

Пры гэтым колькасьць дарослых, аднесеных да катэгорыі людзей зь недастатковай вагой, у 2022 годзе ў параўнаньні з 1990 годам зьнізілася на 50% і склала менш як 550 мільёнаў чалавек.

Беларусь у рэйтынгу краін сьвету па атлусьценьні грамадзян апынулася на 101-ым з 200 месцаў з паказчыкам у 20,13% сярод мужчын і на 118-ым месцы — сярод жанчын (23,70%).

У цяперашні час атлусьценьне уяўляе сабой большую пагрозу для здароўя людзей ва ўсім сьвеце, чым голад, адзначае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 простых парадаў, як жыць даўжэй і здаравей