Якім полк Каліноўскага стаў за 2 гады, расказалі ў прэс-службе палка.
У баявую частку палка Каліноўскага цяпер уваходзяць батальён «Волат», батальён «Літвін», падразьдзел БПЛА імя Мікіты Крыўцова, мэдычная рота і мэханізаваны падразьдзел. З 2023 году сфармавалі новы падразьдзел імя Касьцюшкі: ён складаецца з замежных грамадзян (у асноўным з ЭЗ і ЗША), якія служылі ў прафэсійных узброеных сілах і маюць вялікі вайсковы досьвед, які полк Каліноўскага імкнецца пераняць і перадаць беларускім ваярам.
Структурна полк Каліноўскага ўваходзіць у склад Міжнароднага легіёну — падразьдзяленьня, падпарадкаванага Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Мінабароны Ўкраіны.
Полк Каліноўскага — высокамабільны пяхотны падразьдзел спэцпрызначэньня, які валодае лёгкай браняванай тэхнікай, уласнымі мінамётнымі разьлікамі, цяжкой артылерыяй, мае ўласныя падразьдзяленьні БПЛА. Сёньня Полк мае ўласны рэкрутынгавы цэнтар, валянтэрскую сетку, навучальныя цэнтры і інш. За два гады вайны некалькі тысячаў беларусаў прайшлі праз навучаньне, службу і баявыя дзеяньні.
Ад моманту стварэньня байцы Палка прымалі ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту — за Кіеў, Мікалаеў, Лісічанск, Севераданецк, Запарожжа, Бахмут, Кляшчэеўку, Купʼянск і іншыя ўкраінскія гарады і мястэчкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Волат», «Брэст», «Тур» і іншыя. Беларусы, якія загінулі ва ЎкраінеУ баях загінулі шэраг добраахвотнікаў палка: Ільля Хрэнаў з пазыўным «Літвін», Зьміцер Апанасовіч «Тэрор», Павал Суслаў «Волат», Іван Марчук «Брэст», Васіль Грудавік «Атам», Васіль Парфянкоў «Сябро», Вадзім Шатроў «Папік», Міраслаў Лазоўскі «Мыш» і яшчэ 11 ваяроў, інфармацыю пра якіх полк не агучвае ў сувязі зь мерамі бясьпекі ў дачыненьні да іх сваякоў у Беларусі.
«Галоўнае, чаго мы дасягнулі за два гады — гэта падрыхтоўка дасьведчанага каманднага складу, які ў кароткія тэрміны здольны ўзяць, навучыць і кіраваць вялікай колькасьцю добраахвотнікаў. Гэта азначае, што ў цяперашніх умовах з тым баявым досьведам, які ўжо ёсьць, Полк можа хутка пашырыцца да памеру брыгады», — кажа адзін з заснавальнікаў палка Каліноўскага з поклічам Мікола.
Шэраг байцоў палка Каліноўскага былі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны ад Галоўнага ўпраўленьня выведкі і ад Міністэрства абароны Ўкраіны. Шэраг ваяроў атрымалі ўзнагароды «За мужнасьць» III ступені з рук прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Таксама Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў званьнем Героя Ўкраіны Аляксея «Тура» Скоблю, які загінуў у баях за Кіеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У палку Каліноўскага паведамілі, што Зяленскі ўзнагародзіў яшчэ чатырох беларускіх добраахвотнікаўУ шэрагу ўкраінскіх гарадоў зьявіліся вуліцы ў гонар беларускіх добраахвотнікаў і палка Каліноўскага. У паселішчы Ворзель Бучанскага раёну зьявілася вуліца Ільлі «Літвіна», а ў Хмяльніцкім — вуліца і завулак Аляксея Скоблі. У Кіеве і Мукачаве вуліцы назвалі ў гонар Кастуся Каліноўскага, а ў Жытоміры зьявілася вуліца Палка імя Кастуся Каліноўскага. У гонар Міхаіла Жызьнеўскага вуліцы перайменавалі ў Жвягелі і Чарнаўцах.
Падводзячы вынікі двух гадоў, камандзір каліноўцаў Дзяніс Прохараў з пазыўным «Кіт» адзначыў:
«Я лічу, што беларусы, якія цяпер ваююць за Ўкраіну, абралі адзіны правільны шлях для вызваленьня Беларусі. Калі Расея пераможа ў гэтай вайне, дык пра Беларусь як незалежную краіну нам давядзецца забыцца надоўга».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб з намі размаўлялі, важна ствараць пагрозу». Добраахвотнік пра «мясныя штурмы», канфлікты паміж ваярамі і «гадзіну X» для БеларусіЦіханоўская: «Кожны дзень на фронце — выпрабаваньне. Я ганаруся тым, зь якой годнасьцю вы яго праходзіце»
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская з нагоды другой гадавіны заснаваньня батальёна (цяпер — палка) Кастуся Каліноўскага выказала сваю павагу мужнасьці і гераізму байцоў і падзякавала ім за самаахвярнасьць.
«Вы сталі сымбалем таго, як любоў да свабоды і імкненьне да справядлівасьці абʼядноўваюць людзей нават у самыя жудасныя часы. Зь першых дзён расейскага ўварваньня вы рушылі змагацца на самых складаных напрамках, каб захаваць ня толькі незалежнасьць Украіны, але і мару пра свабодную Беларусь», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
На думку Ціханоўскай, для беларусаў байцы Полк Каліноўскага ўвасабляюць «смеласьць і годнасьць нашага народа і даказваюць, што беларусы гатовыя дзейнічаць — і нават ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зьменаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цярпеньне, сьмерць і рутына. Тры маналёгі беларускіх добраахвотнікаў, якія два гады на вайне