ААН: Глябальныя крызісы пагражаюць гендэрнай роўнасьці

Наступствы засухі ў Самалі

Звыш 600 мільёнаў жанчын і дзяўчынак пражываюць у зонах канфліктаў, дзе рызыка крайняй галечы для іх амаль у 8 разоў вышэйшая, заяўляе агенцтва ААН па пытаньнях гендэрнай роўнасьці і пашырэньні правоў і магчымасьцяў жанчын.

Больш за 600 мільёнаў жанчын пражываюць у зонах канфліктаў, дзе рызыка крайняй галечы для іх амаль у 8 разоў вышэйшая, заяўляе ААН.

Пра гэта піша DW.

Прагрэс у забесьпячэньні роўнасьці паміж жанчынамі і мужчынамі ва ўсім сьвеце пад пагрозай, бо ўсё больш войнаў і канфліктаў. «Ад Блізкага Ўсходу да Гаіці, Судану, М’янмы, Украіны, Афганістану і іншых краін жанчыны плацяць самую высокую цану за канфлікты, якія адбываюцца не па іх віне», — гаворыцца ў заяве арганізацыі «ААН-Жанчыны» (UN Women), апублікаванай у пятніцу, 8 сакавіка, з нагоды Міжнароднага жаночага дня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі з 2020 году пад палітычны перасьлед трапілі 8000 жанчын

Паводле дадзеных структуры ААН, якая займаецца пытаньнямі гендэрнай роўнасьці і пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчын, колькасьць жанчын і дзяўчынак, якія пражываюць у зонах канфліктаў, падвоілася з 2017 году і цяпер складае больш за 614 мільёнаў. У гэтых зонах імавернасьць таго, што жанчыны будуць жыць ва ўмовах крайняй галечы, у 7,7 раза вышэйшая. Кожная дзясятая жанчына ў сьвеце, або каля 400 мільёнаў, мае самы нізкі ўзровень даходу. Сусьветны банк вызначае яго як 2,15 даляра ЗША на дзень і менш.

Зьмены клімату павялічваюць разрыў паміж багатымі і беднымі. Па меры абвастрэньня барацьбы за рэсурсы сродкі для існаваньня апынаюцца пад пагрозай, грамадзтва робіцца больш палярызаваным, а жанчыны нясуць усё большы цяжар, адзначае арганізацыя. Чакаецца, што да 2030 году з прычыны зьмены клімату галадаць змушаныя будуць яшчэ 236 мільёнаў жанчын і дзяўчынак — удвая больш, чым мужчын (131 мільён).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Роза Турарбекава: Беларускае грамадзтва вельмі сучаснае і даўно гатовае да жанчын ва ўладзе

UN Women заклікала інвэставаць сродкі ў інтарэсах жанчын, каб паскорыць эканамічны рост і пабудаваць больш заможныя, раўнапраўныя грамадзтвы. «Больш за 100 мільёнаў жанчын і дзяўчынак маглі б вырвацца з галечы, калі б урады аддавалі першасную ўвагу адукацыі і плянаваньню сямʼі, справядлівым і роўным заробкам і пашырэньню сацыяльных дапамогаў», — гаворыцца ў заяве.