7 сакавіка Швэцыя афіцыйна стала 32-м чальцом NATO.
Цырымонія перадачы адпаведных дакумэнтаў прайшла ў Вашынгтоне пры ўдзеле кіраўніка ўраду Швэцыі Ульфа Крыстэрсана і дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
Прэм’ер Крыстэрсан на цырымоніі заявіў пра «новую гістарычную эру для Швэцыі ў сфэры бясьпекі», падкрэсьліўшы, што ягоная краіна «падзеліць цяжар, адказнасьць і рызыкі са сваімі саюзьнікамі», паведамляе Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае ўступленьне Швэцыі ў NATO для альянсу, для самой краіны і для Балтыйскага рэгіёну- У канцы лютага 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, Швэцыя і Фінляндыя адмовіліся ад палітыкі ваеннага нэўтралітэту, якога дзьве скандынаўскія краіны прытрымліваліся на працягу дзесяцігодзьдзяў. Іх намер атрымаў паскоранае ўхваленьне ўсіх чальцоў NATO, за выключэньнем Турэччыны і Вугоршчыны. Пры гэтым усе рашэньні ўнутры альянсу павінны быць аднагалоснымі.
- Фінляндыю ўрэшце прынялі ў Паўночнаатлянтычны альянс у красавіку ў якасьці 31-га сябра арганізацыі.