Вайсковы камісарыят Гомельскай вобласьці разьмясьціў на плятформе дзяржаўных закупак тэндэр на набыцьцё паслугі рассылкі смс-паведамленьняў на выпадак вайсковых збораў або мабілізацыі, заўважыла выданьне «Флагшток».
На закупку паслугі ваенкамат гатовы выдаткаваць 1 тысячу рублёў. У прымацаваным дакумэнце за подпісам ваенкама Андрэя Крываносава арыенціровачнымі тэрмінамі ажыцьцяўленьня закупкі названы люты — сакавік 2024 году, а тэрмін пастаўкі, указаны ў тэндэры, — з 1 красавіка па 31 сьнежня 2024 году.
У дакумэнце гаворыцца, што рассылаць смс будуць у трох выпадках:
- для ўдакладненьня зьвестак воінскага ўліку,
- для мерапрыемстваў мабілізацыйнай падрыхтоўкі (на вайсковыя зборы),
- пры прызыве на вайсковую службу па мабілізацыі (у выпадку ваенных дзеяньняў).
У выпадку мабілізацыі тэкст СМС будзе выглядаць так:
«Вам належыць неадкладна зьявіцца па адрасе, указаным у мабілізацыйным прадпісаньні (у вайсковы камісарыят)».
У канцы лютага дэпутаты прынялі ў другім чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі». Ён прадугледжвае магчымасьць рассыланьня позваў пры дапамозе СМС-паведамленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генштабе Беларусі патлумачылі, калі позвы праз СМС будуць абавязковымі і заменяць традыцыйныя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі плянуюць прызываць у войска па СМС